Беларуская Служба

«Самі-ведаеце-хто». Святара Георгія Роя і новую кіраўніцу «Белсата» Аліну Коўшык цяпер нельга называць па імені

23.12.2024 19:44
23 снежня ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі акаўнты ў Facebook і візуальны матэрыял святара Георгія Роя і новай кіраўніцы «Белсата» Аліны Коўшык.
  .
Святар Георгій Рой.facebook.com/georgewroi

Таксама ў гэты спіс трапіў тэкст «Георгій Рой» і «Alina Koushyk». Фактычна гэта азначае, што іх нельга называць. Георгій і яго паплечнікі жартуюць і параўноўваюць яго з Валан дэ мортам — гэтага персанажа ў свеце Гары Потэра «было нельга называць па імені».

Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Гродна 20 снежня. Экстрэмісцкімі таксама прызналі партал і сацсеткі Grodno.in.

Георгій Рой — святар з Гродна. Увесну 2023 года ён з'ехаў з Беларусі і ўступіў у Сусветны патрыярхат праваслаўнай царквы, які размяшчаецца ў Стамбуле. Святар пасяліўся ў Вільні. Там разам з Аляксандрам Кухтам яны арганізавалі Беларускую праваслаўную парафію. Георгія Роя аб'явілі ў вышук у Расіі.

«Я СТАЎ ТЫМ, КАГО НЕЛЬГА НАЗВАЦЬ!!! Дарагія сябры, з сённяшняга дня мой фэйсбук у Беларусі прызнаны экстрэмісцкім рэсурсам. Экстрэмізмам будзе лічыцца і сама публічная згадка майго імя! Усё гэта стварае рызыкі для сяброў і падпісчыкаў з Беларусі», — напісаў Георгій у акаўнце. Ён параіў адпісацца і чытаць яго без падпіскі.

«Цяпер само спалучэнне «Георгій Рой» у Беларусі прызнана экстрэмісцкім (нароўні з ІД і Аль-Ка@@ай). Гэта значыць, што ўсе кнігі і ўсе часопісы, дзе згадваецца імя айца Георгія, трэба забраць і спаліць. А з афіцыйнага сайта Гарадзенскай дыяцэзіі трэба выдаліць указ аб ягонай забароне (якую нам уручыла РПЦ пасля сыходу ў Канстанцінопаль). Фоткі айца Георгія таксама трэба прыбраць адусюль, перайменаваць яго ў тэлефонных кнігах і ні завошта не згадваць яго імя ні ў размовах ні ў перапісках.

Прама нейкі бацюшка-самі-ведаеце-хто атрымаўся. Вось толькі мы ў 21 стагоддзі жывем, а чыноўнікі затрымаліся недзе ў 19. І я дакладна ведаю, што ўся гэтая гісторыя спрацуе роўна наадварот: яшчэ больш беларусаў зараз будуць ведаць пра наш прыход, — дадаў  святар Аляксандр Кухта.

Аліна Коўшык — беларуская журналістка і палітычная дзяячка родам з Гродна. З 2007 па 2022 год працавала тэлевядучай тэлеканала «Белсат». Пазней стала сябрам Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях нацыянальнага адраджэння, але вярнулася ўзначаліць «Белсат». Яна пакуль не адрэагавала на прызнанне яе акаўнта экстрэмісцкім.

hrodna.life/вх