Беларуская Служба

Гродзенскі сабор наведаў адыёзны расійскі святар. Яго сын ваюе супраць Украіны

31.12.2024 14:15
«Вось калі б не было побач вялікай Расіі, моцнай, то яны б вас зжэрлі. Яны б вам зламалі хрыбет. Адзінае, што стрымлівае — Расія, якая за вамі стаіць».
       -  .
Протаіерэй Сергій Баранаў падчас літургіі ў гродзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. orthos.org

Расійскі протаіерэй Сергій Баранаў 26 снежня здзейсніў літургію ў гродзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы і паразмаўляў з прыхаджанамі. «Хрысціянская візія» звярнула ўвагу на адыёзныя выказванні Баранава аб вайне ва Украіне і палітыцы Расіі, дзякуючы якой беларусы нібыта знаходзяцца ў бяспецы.

У інтэрв'ю пад назвай «Размова пра СВА», Баранаў выказаўся аб дзеяннях Расіі і ролі беларусаў у вайне.

«Беларускаму народу трэба быць удзячным за тое, што наш (расійскі) урад не ставіць такіх жорсткіх умоваў, катэгарычных: дапамагайце, уступайце, інакш мы моцна пакрыўдзімся, устанем у позу. Наш урад знаходзіць магчымасці неяк беларускі народ пакуль засцерагчы ад гэтага. Я думаю, гэта ўсё ж такі пазіцыя нашага ўраду. І мне падаецца, што гэта добра, высакародна».

Святар таксама нагадаў беларусам аб непрыяцелях на Захадзе, якія нібыта пагражаюць краіне.

«Вось калі б не было побач вялікай Расіі, моцнай, то яны б вас зжэрлі. Яны б вам зламалі хрыбет. Адзінае, што стрымлівае — Расія, якая за вамі стаіць. Беларусь сама б не справілася. У яе няма такой моцы, як у Расіі, а непрыяцеляў у яе вельмі шмат. Колькі вы жывяце ў стане санкцый?».

Баранаў таксама адзначаў, што ездзіць у зону баявых дзеянняў для духоўнай падтрымкі салдат, а на фронце ваююць яго сын і брат жонкі.

Прыезд Сергія Баранава ў Гродна адбыўся па благаславенню арцыбіскупа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія.

вх