Беларуская Служба

Новаабраны Спікер літоўскага парламента мяркуе, што патрэбныя ўмовы, каб беларусы маглі будаваць сваю будучыню ў Літве

07.01.2025 15:22
Новаабраны спікер літоўскага парламента Саўлюс Сквярняліс сустрэўся з лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай.
Saulius Skvernelis
Saulius Skvernelis Polskie Radio/Kamil Zalewski

Бакі абмеркавалі сітуацыю з хуткім «пераабраннем» Лукашэнкі, а таксама ўмовы беларускай дыяспары ў Літве, паведамляе lrt.lt.

Саўлюс Сквярняліс заявіў, што працэс, які цяпер праходзіць у Беларусі і мае скончыцца 26 студзеня, нельга называць выбарамі.

«Самы галоўны пасыл заключаецца ў тым, што нельга называць працэс, які будзе адбывацца ў Беларусі, выбарамі. Не трэба больш чакаць, пакуль адбудзецца гэты фарс, а потым прымаць нейкія палітычныя рашэнні. Загадзя можна меркаваць, што гэта не мае ніякага дачынення да выбараў», — заявіў спікер літоўскага Сейма.

Каментуючы прапанову ўрада аб працягванні дзеяння нацыянальных санкцый супраць грамадзян Расіі і Беларусі яшчэ на год, да 2 мая 2026 года, Саўлюс Сквярняліс заявіў, што  важна, каб беларусы, якія жывуць цяпер у Літве, маглі будаваць планы на будучыню і лепш інтэгравацца ў жыццё дзяржавы.

Паводле звестак Дэпартамента міграцыі, на 1 снежня мінулага года права на пражыванне ў Літве мелі 59 тысяч беларускіх грамадзян.

У інтарэсах нацыянальнай бяспекі Літва ўвяла пэўныя абмежаванні для беларускіх грамадзян: прыём заяў на атрыманне шэнгенскай і нацыянальнай візы прыпынены, яны праходзяць праз дадатковыя памежныя праверкі, а выдача пасведчання на права жыхарства ўскладнена.

Саўлюс Сквярняліс заявіў, што варта захаваць статус-кво ў пытанні палітыкі да беларусаў. 

Кіраўнік Сейма перакананы, што, калі б беларускія ўцекачы ад рэжыму бачылі сваю будучыню ў Літве, то іх інтэграцыйныя працэсы таксама працякалі б значна хутчэй.

«Усё ж такі тая супольнасць, якая тут, калі б яна бачыла доўгатэрміновую перспектыву, то інтэграцыйныя працэсы — вывучэнне літоўскай мовы, інтэграцыя ў наша грамадства, былі б лягчэйшымі. Калі няма яснасці, даводзіцца жыць на валізках, то тая інтэграцыя сапраўды не можа быць паспяховай», — сказаў Скверняліс.

вх