Беларуская Служба

Амаль уся ўсходняя Беларусь прызнаная на найблізкую пяцігодку неспрыяльнай для сельскай гаспадаркі

20.01.2025 19:11
Нечаканым аўтсайдарам стала Гомельская вобласць, а не Віцебская, якая традыцыйна лічылася краем рызыкоўнага земляробства.
Сельская гаспадарка pixabay.com/CCO

У Беларусі абнавілі пералік раёнаў, неспрыяльных для вытворчасці сельгаспрадукцыі. Апублікаваная Пастанова Савета Міністраў ад 14 студзеня 2025 года № 19 «Пра вызначэнне пераліку раёнаў, што адносяцца да неспрыяльных для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі». Паводле дакумента, лідарамі аграрнага недабрабыту сталі ўсходнія вобласці Беларусі. У лідарах, традыцыйна, Віцебская вобласць - 16 раёнаў з 21 прызнаны неспрыяльнымі. У Магілёўскай вобласці прызнаны такімі больш за палову раёнаў - 14 з 21. А нечаканым «лідарам» гэтага пераліку стала Гомельская вобласць - там толькі адзін раён прызнаны спрыяльным для вытворчасці сельгаспрадукцыі. Такім чынам, з 63 раёнаў трох усходніх абласцей Беларусі неспрыяльнымі для сельскай гаспадаркі прызнаны 50 раёнаў, што складае 79%. 

Пералік такіх раёнаў фармуецца Мінсельгасам і Акадэміяй навук адзін раз на пяць гадоў. Пры гэтым, на колькасць неспрыяльных для сельскай гаспадаркі раёнаў уплываюць як і аб'ектыўныя прычыны - клімат, глеба, экалогія і нават сацыяльныя ўмовы, так і сістэма дзяржаўнага кіравання. 

Аляксандр Лукашэнка часта любіць напамінаць пра свае заслугі ў выратаванні беларускай сельскай гаспадаркі, а захаванне калгасаў Лукашэнка лічыць адным з галоўных сваіх дасягненняў. Аднак калгасы, у цэлым, нерэнтабельныя, а часам і стратныя. Толькі на Віцебшчыне ў 2024 годзе на ліквідацыю і банкруцтва падалі мінімум дзевяць калгасаў. Усяго ў Беларусі доля прыватных фермерскіх гаспадарак у вытворчасці сельгаспрадукцыі складае менш за 3% і яны прыносяць даход з гектара ў восем з паловай раз большы, чым дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы. 

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск