На 27 студзеня ў Брэсцкім аблсудзе запланаваны чарговы суд над Юліяй Лаптановіч. Гэта палітвязынка з Пружан, сям'ю якой з 2020 года судзілі некалькі разоў па палітычных справах.
Цяпер жанчыне паставілі ч.2 арт.361-4 КК, так званае "Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці" (нагадаем, што беларускія ўлады называюць гучным словам "экстрэмізм" амаль усё, што звязана з крытыкай уладаў ці нават проста не супадае з афіцыйнай пазіцыяй дзяржавы).
Што менавіта ставяць у віну Юліі Лаптонавіч на гэты раз праваабронцам невядома.
Сям'ю Лаптановічаў з 2020 года бесперапынна рэпрэсуюць: спачатку саму Юлю і яе мужа Ігара судзілі па "карагоднай справе" (з-за ўдзелу ў мірнай акцыі пратэсту ў Брэсце). Потым летам 2022 года Юлію прыгаварылі да 4 гадоў 9 месяцаў калоніі адразу па шасці артыкулах (асноўная частка абвінавачанняў тычылася таго, што Юлія меркавана перадала дадзеныя аб службовых асобах, якія ажыццяўлялі крымінальны пераслед яе сям'і). А напрыканцы 2024 года асудзілі цешчу Юліі, бабулю трох яе дзяцей — таксама паводле палітычных абвінавачанняў (за тое, што ў 2021 годзе дала інтэрв'ю "Белсату").
Вясна/ав