Беларуская Служба

«Не суйце свой нос». У МЗС Беларусі нахамілі міністру замежных спраў Польшчы

26.01.2025 16:08
Радаслаў Сікорскі пракаментаваў выбары ў Беларусі, а МЗС яму адказала словамі Лукашэнкі.
 .
МЗС Беларусі.Фота: БелаПАН

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пракаментаваў выбары ў Беларусі і наткнуўся на хамства з боку беларускага МЗС. «Сёння «выбары» ў Беларусі. Чаканне, каго аб’явяць пераможцам, невыноснае», — напісаў Сікорскі ў твітары.

У іншым твіце польскі міністр папрасіў журналістаў не называць Лукашэнку «апошнім дыктатарам Еўропы». «Уладзімір Пуцін дагнаў і пераўзышоў яго ў злачынствах, рэпрэсіях і міжнароднай агрэсіі», — адзначыў Сікорскі.
У твітары яму адказала беларускае МЗС.

«Спадар міністр, выбары ў Польшчы адбудуцца 18 мая 2025 года, і толькі гэтыя выбары павінны вас хваляваць. Займіцеся праблемамі сваёй краіны і свайго народа, а «не суйце нос не ў свае справы», як толькі што сказаў Лукашэнка», — напісаў ў рэплаях вядучы міністэрскага твітара.

У МЗС працытавалі выказванне Лукашэнкі на сённяшняй прэс-канферэнцыі. Словы Сікорскага яго папрасіла пракаментаваць Наталля Эйсмонт.

«Навошта вы чапляеце Расію? Навошта вы Пуціна дзёргаеце? Ну што ў вас, праблем не хапае? Сікорскі ж дасведачаны чалавек. Мы з ім сустракаліся, гутарылі. Чаго яму няймецца наконт нашых выбараў? Ён хай думае, што будзе заўтра. Сёння гноем закідалі Міністэрства замежных спраў польскія сяляне. А заўтра? Таму супакойцеся! Мы што, пра вас нешта кажам? Не», — заявіў Лукашэнка.

Ён дадаў, што Беларусь магла б умяшацца ў польскія прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца ў маі.

«Калі хочаце, можам паказаць, што мы нешта ўмеем. З штучным інтэлектам, IT-тэхналогіямі і іншым. Але мы такой мэты не ставім. Нам гэта не трэба. Мы не хочам эскалацыі, мы гэта не будзем рабіць. А мы з вамі людзі веруючыя. Мы — хрысціяне. Не дай бог Ён гэта ўбачыць і пачне разбірацца. Мала не здасца. Нам, але вам тым больш. Таму давайце жыць дружна!» — сказаў Лукашэнка.

Ён папрасіў польскага журналіста, які прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, «чыркануць Сікорскаму, што хай свой нос не суе, куды яго не просяць».

Крыніца: Наша Ніва

нг