Беларуская Служба

Дэпутаты з «Альтэрнатыва для Германіі» наведалі ПВТ у Мінску

10.04.2025 15:06
Гэта не першы раз, калі дэпутаты АдГ выказваюць цікавасць да Беларусі.
.
ПВТ.Фота: https://belarusfacts.by

У пачатку красавіка беларускі Парк высокіх тэхналогій наведала дэлегацыя Ландтага Баварыі на чале з членам камітэта па навуцы і мастацтве Ульрыхам Зінгерам, які з’яўляецца членам правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі». Пра гэта паведаміў ПВТ на сваім сайце, аб чым піша DW Беларусь.

У ПВТ адзначылі, што «дэпутаты зямельнага парламента азнаёміліся з гісторыяй развіцця беларускай it-галіны, укладам кампаній ПВТ у эканоміку краіны, а таксама найбольш вядомымі лічбавымі рашэннямі, распрацаванымі ў Беларусі і набытымі сусветнай вядомасцю».

На сайце ПВТ таксама падкрэслілі, што «госці Парка пацвердзілі зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю».

Гэта не першы раз, калі дэпутаты АдГ выказваюць цікавасць да Беларусі. У жніўні мінулага года прэзідыум парламента зямлі Саксонія ў Германіі наклаў штраф на дэпутата ад АдГ Ёрга Дорнау за яго бізнес у Беларусі — кампанію ТАА «Цыбулька-БЕЛ». У верасні 2024 года беларускія СМІ паведамлялі, што на цыбульнай плантацыі Дорнау працавалі ў тым ліку беларусы, асуджаныя па палітычных артыкулах.

нг