Беларуская Служба

Палякі адзначаюць 100-годдзе пачатку Першага Сілезскага паўстання

16.08.2019 13:40
Прэзідэнт Анджэй Дуда ўдзельнічае ва ўрачыстасцях у горадзе Катавіцы.
  .
Прэзідэнт Анджэй Дуда.PAP/Hanna Bardo

Анджэй Дуда ўдзельнічае ў горадзе Катавіцы (Katowice) ва ўрачыстасцях 100-годдзя пачатку Першага Сілезскага паўстання. Прэзідэнт усклаў кветкі да магіл Войцеха Карфантага (Wojciech Korfanty), Юзэфа Рымэра (Józef Rymer) і Канстанціна Вольнага (Konstanty Wolny).

Пасля цырымоніі на могілках Анджэй Дуда возьме ўдзел у адкрыцці мемарыяльнай дошкі, прымеркаванай да 100-годдзя Сілезскіх паўстанняў у будынку Сілезскага сойма. Затым адбудзецца ўрачыстае пасяджэнне Сілезскага рэгіянальнага сходу, падчас якога лідар дзяржавы выступіць з прамовай.

Першае Сілезскае паўстанне пачалося 16 жніўня 1919 года ў адказ на разню шахцёраў у Міславіцах (Mysłowice). Рост незадаволенасці польскага насельніцтва выклікала таксама рашэнне Версальскай дамовы аб арганізацыі плебісцыту ў Верхняй Сілезіі.

Паўстанне скончылася 24 жніўня паразай паўстанцаў. Аднак зрыў звярнуў увагу міжнароднай супольнасці на справу Сілезіі. Гэта прычынілася да канчатковага далучэння часткі Верхняй Сілезіі да Рэчы Паспалітай.

аз