Прадстаўнікі 40 краін, у тым ліку каля 20 прэзідэнтаў, адзначаць 1 верасня ў Варшаве 80-ю гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны. Пра гэта паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі (Krzysztof Szczerski). Анджэй Дуда будзе гаспадаром мерапрыемства на плошчы Пілсудскага ў Варшаве.
Урачыстасці пачнуцца, падобным чынам, як у мінулым годзе, у Велюні (Wieluń) – першым польскім горадзе, які немцы падвергнулі бамбёжцы 1 верасня 1939 года. Менавіта там а 4.45, калі пачалася бамбёжка, прэзідэнты Польшчы і Германіі выступяць з прамовамі. Цэнтральныя ўрачыстасці адбудуцца ў Варшаве. Цырымонія па плошчы Пілсудскага пачнецца а 12.00. З прамовамі выступяць прэзідэнты Польшчы, Германіі і ЗША.
„На ўрачыстасці былі запрошаныя прадстаўнікі некалькіх дзясяткаў краінаў, але ў Варшаве прадстаўнікоў Расіі не будзе”, - нагадаў Кшыштаф Шчэрскі.
- Прэзідэнт вырашыў запрасіць прадстаўнікоў краінаў Еўрасаюза, Паўночнаатлантычнага пакту і ініцыятывы „Усходняе Партнёрства”. Расія не з’яўляецца членам ні воднай з гэтых арганізацыяў.
Удзельнікі цырымоніі ў Варшаве ўскладуць адзін агульны вянок да Магілы-помніка невядомаму жаўнеру. На стужцы будзе надпіс: „Памяць і папярэджанне”.
- Гэты надпіс будзе знаходзіцца таксама на адмысловым зване, падрыхтаваным да гэтай гадавіны. Пасля ўрачыстасцяў звон атрымаюць улады Велюня.
Пасля поўдня госці накіруюцца на супольны абед, а ў Каралеўскім замку пазнаёмяцца з выставай, на якой паказаныя ваенныя знішчэнні Варшавы. Увечары яны сустрэнуцца на канцэрце ў Вялікім тэатры.
На наступны дзень адбудзецца сустрэча прэзідэнтаў Анджэя Дуды і Дональда Трампа. З амерыканскім лідарам сустрэнецца таксама прэм’ер Матэвуш Маравецкі.
У той жа час у Польшчы будуць знаходзіцца таксама амерыканскі дзяржсакратар Майк Пампеа, дарадчык амерыканскага прэзідэнта па бяспецы Джон Болтан і міністр энергетыкі Рык Пэры. Цалкам магчыма, што амерыканскія палітыкі падпішуць чарговыя ваенныя альбо энергетычныя пагадненні з польскімі ўладамі.
аз