Беларуская Служба

У 2023 годзе Польшча плануе дасягнуць энергетычнай незалежнасці паставак нафты і газу

26.09.2019 09:11
Між іншым, з гэтай мэтай палякі пашыраюць інфраструктуру па захоўванні і перасылкі нафты і газу.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:redhawkgroup/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прадпрыемства па эксплуатацыі нафтаправодаў (PERN) пашырае інфраструктуру для забеспячэння поўнай дыверсіфікацыі паставак нафты і газу. Як запэўніваюць прадстаўнікі кампаніі, у 2023 годзе Польшча дасягне энергетычнай незалежнасці ў гэтай галіне.

Вясной 2020 года павінны быць завершаны работы па будаўніцтве новых сховішчаў у гданьскай сядзібе PERN, а восенню наступнага года плануецца здаць у эксплуатацыю сховішчы ў Гданьскім нафтавым тэрмінале. У сваю чаргу ў 2023 годзе будзе ўведзена ў эксплуатацыю другая нітка паморскага трубаправода.

Паводле ўпаўнаважанага ўраду па справах стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Паўла Наімскага (Paweł Naimski), перад польскай кампаніяй стаіць сур’ёзная задача.

- Гаворка ідзе пра тое, каб дабіцца поўнай дыверсіфікацыі паставак нафты ў Польшчу, асабліва ў нашыя НПЗ, у прыватнасці ў НПЗ у Плоцку. Прыняты ўрадам „Права й справядлівасці” план развіцця паліўнага сектара рэалізуе ў асноўным кампанія PERN.

Ён дадаў, што асновай рэалізацыі гэтага плану будзе будаўніцтва другой ніткі Паморскага нафтаправода.

- Гэтая транзітная труба з нафтапорта ў Плоцк загарантуе тамтэйшаму НПЗ поўную свабоду выбару сыравіны для пераапрацоўкі.

Старшыня кампаніі PERN Ігар Васілеўскі (Igor Wasilewski) падкрэсліў, што кампанія выконвае пастаўленыя перад ёй задачы.

- Мы пашыраем інфраструктуру па захоўванні і перадачы сыравіны. Дзейнічаем з мэтай загарантавання Польшчы поўнага энергетычнага суверэнітэту і незалежнасці. Гэта нашая задача і ўсе нашыя дзеянні праводзяцца з гэтай мэтай.

Кампанія таксама праводзіць падрыхтоўку да другога этапу пашырэння паліўнай базы і будаўніцтва трубаправода Баронаў-Тшэбіня (Boronów - Trzebinia). Трубаправод даўжынёй у амаль 100 кіламетраў будзе праходзіць праз гміны ў Сілезіі і Малапольшчы.

аз