Спецыялісты з Вайсковага медычнага інстытуту дапамогуць Украіне пабудаваць сістэму падтрымкі жаўнераў з баявой псіхічнай траўмай. Эксперты з Клінікі псіхіятрыі, баявога стрэсу і псіхатраўматалогіі Вайсковага медычнага інстытуту навучаць украінскі персанал ствараць пратаколы лячэння, пра гэта паведаміў кіраўнік Клінікі лячэння баявога стрэсу, палкоўнік Радаслаў Творус:
-Нашая мэта, гэта дапамагчы ўкраінцам так, як нам калісьці дапамаглі амерыканцы. Мы таксама хочам падзяліцца нашым ужо вялікім досведам у вобласці апекі над ветэранамі. Гаворка ідзе не толькі пра дапамогу ў галіне тэорыі, мы хочам на практыцы дапамагчы стварыць адпаведную сістэму.
У будучым навучальным годзе дзесяць лекараў і навукоўцаў з Украіны пройдуць інтэнсіўныя курсы ў Польшчы, каб потым распаўсюджваць здабытыя веды ў сябе на радзіме. Сярод іншых украінскіх медычных установаў, у праграме прыме ўдзел Ровенскі абласны шпіталь ветэранаў вайны.
Праект па павышэнні кваліфікацыі ўкраінскіх лекараў кантралюе Міністэрства нацыянальнай абароны, а яго фінансаваннем займаецца Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы.
IAR/эж