Пачалося трохдзённае паседжанне Сейму Польшчы. У праграме працы ніжняй палаты парламенту Польшчы, у прыватнасці, справаздача прэм'ер-міністра краіны Матэвуша Маравецкага адносна саміту Еўрасаюза. Сустрэча ў вярхах, якая закончылася ўчора, працягвалася чатыры дні і была прысвечаная бюджэту ЕС і падзелу фінансавых сродкаў, прызначаных на дапамогу эканомікам краін супольнасці, пацярпелых у выніку эпідэміі каранавіруса.
Акрамя таго, Сейм разгледзіць пытанне фінансавай дапамогі грамадзянам Польшчы, якія былі сасланыя ўглыб Савецкага Саюзу ў 1939-1954 гадах. Паводле праекту закону, рэпрэсаваны грамадзянін меў бы права атрымаць ад дзяржавы аднаразовую фінансавую дапамогу ў разліку 200 злотых (45 еўра) за адзін год ссылкі, але не менш чым 2400 злотых (540 еўра).
Дэпутаты таксама разгледзяць змены ў Закон аб дарожным руху. У прыватнасці, прапануецца адмяніць неабходнасць мець пры сабе пасведчанне на кіраванне транспартным сродкам падчас праверкі дарожнай паліцыяй альбо іншым органам. Акрамя таго, заканадаўцы прапануюць, каб пытанне першай рэгістрацыі аўтамабіля ўзялі на сябе салоны па продажы аўто.
вс