Беларуская Служба

Польскае радыё пачынае спецыяльныя трансляцыі для Беларусі

20.08.2020 13:11
У эфіры Першай праграмы Польскага радыё тры разы ў дзень будзе выходзіць беларускамоўны выпуск навін, які можна слухаць на доўгіх хвалях на частаце 225 кГц.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePR

Праўленне Польскага радыё прыняло рашэнне аб тэрміновай мадыфікацыі дзеючай сеткі вяшчання і ўвядзенне ў эфір Першай праграмы Польскага Радыё спецыяльных інфармацыйных выпускаў на беларускай мове, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі.

Пры дапамозе рэтранслятараў Цэнтру радыёвяшчання ў Сольцу-Куяўскім, Першая праграма Польскага радыё будзе даступная «з паветра» на доўгіх хвалях на частаце 225 кГц на тэрыторыі амаль усёй Еўропы, у тым ліку, на тэрыторыі ўсёй Беларусі.

Спецыяльныя выпускі навінаў, падрыхтаваны Беларускай службай Польскага радыё для замежжа будуць транслявацца 3 разы на дзень: раніцай у 7.40, у 13.20 і 23.20 паводле мінскага часу. Беларускамоўны інфармацыйны выпуск будзе выходзіць у праграме «Polska i Świat» («Польшча і свет»).

Дзякуючы гэтаму ўсе беларусы, у тым ліку якія пражываюць у месцах, дзе няма інтэрнэту або ў выпадку чарговага адключэння Сеціва, атрымаюць доступ да поўнай і дакладнай інфармацыі пра сітуацыю ў сваёй краіне, а таксама звязаных з ёй міжнародных падзеях.

Старшыня праўлення Польскае радыё Агнешка Каміньска падкрэслівае, што такі крок цалкам адпавядае місіі грамадскага вяшчальніка Польшчы.

Трансляцыя інфармацыйных выпускаў пачнецца ў бліжэйшую суботу, 22 жніўня.

IAR/эж