Беларуская Служба

Больш за 1 мільярд злотых інвестуе PKP PLK у мадэрнізацыю чыгуначных вакзалаў у Сілезіі

22.02.2021 17:02
Частка грошай на мадэрнізацыю будзе выдзелена з фондаў Еўрапейскага Саюза.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: MichaelGaida/pixabay.com/CC0 Public Domain

ПКП «Польскія чыгуначныя лініі» (PKP Polskie Linie Kolejowe) мадэрнізуюць некалькі трасаў у Сілезскай агламерацыі. Сёння кіраўніцтва чыгункі падпісала кантракт па гэтак званым інвестарскім наглядзе за работамі на ўчастку ад горада Хожаў (Chorzów) да горада Накла Сілезскае (Nakło Śląskie).

Кошт інвестыцый перавышае 1 мільярд злотых. У рамках праекта будуць мадэрнізаваныя прыпынкі і вакзалы. Таксама плануецца пабудаваць новы прыпынак – Хожаў -Універсітэт.

Намеснік міністра інфраструктуры Анджэй Бітэль(Andrzej Bittel) адзначыў, што інвестыцыі важныя як для рэгіёна, так і для ўсёй краіны:

- Інвестыцыя мае буйны характар. Яна важная, як з пункту гледжання Сілезскай агламерацыі, Сілезскага ваяводства, а таксама ўсяе Польшчы. Гаворка ідзе пра павелічэнне эфектыўнасці, як грузавых, так і пасажырскіх перавозак.

Работы па праектаванні скончацца ў гэтым годзе, а асноўная праца будзе праводзіцца ў 2022-2024 гадах. Частка грошай на мадэрнізацыю будзе выдзелена з фондаў Еўрапейскага Саюза.

аз