Беларуская Служба

Анджэй Дуда: Удзельнікі паўстання ў Варшаўскім гета змагаліся да канца і загінулі як героі

19.04.2021 15:26
Роўна 78 гадоў таму – 19 красавіка 1943 – успыхнула паўстанне ў Варшаўскім гета.
Анджэй Дуда каля помніка паўстанцам Варшаўскага гета PAP/Mateusz Marek

Удзельнікі паўстання ў Варшаўскім гета змагаліся да канца і загінулі як героі – сказаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас урачыстасцяў ушанавання памяці ахвяр паўстання ў Варшаўскім гета.

Ускладаючы кветкі ля Помніка героям гета ў Варшаве, Анджэй Дуда падкрэсліў, што габрэі, якія аддалі свае жыцці падчас паўстання, загінулі за годнасць і гонар:

-Польскія яўрэі, грамадзяне Польшчы, змагаліся ў Варшаўскім гета да самага канца. Яны змагаліся за гонар, дэманструючы сваю мужнасць і гатоўнасць памерці стоячы, а не на каленях. Яны загінулі ў барацьбе. Гонар іх памяці, – сказаў польскі прэзідэнт.

Галоўны рабін Польшчы Міхаэль Шудрых, у сваю чаргу, падкрэсліў, што 78 гадоў таму паўстанцы Варшаўскага гета змагаліся за годнасць і галоўныя чалавечыя каштоўнасці:

-Яўрэйскія паўстанцы, якія тут змагаліся, гэта нашы агульныя героі, таму што яны змагаліся за тое, што было важна тады, і навучылі нас, як трэба змагацца за тое, што з'яўляецца каштоўнасцю.

Нагадаем, роўна 78 гадоў таму – 19 красавіка 1943 – успыхнула паўстанне ў Варшаўскім гета. Гэта было найбуйнейшае яўрэйскае паўстанне супраць нацысцкай Германіі і першае гарадское паўстанне ў акупаванай Еўропе. Паўстанне ў Варшаўскім гета працягвалася да 16 траўня. Нямногім з яго ўдзельнікаў удалося выйсці з нямецкага акружэння і перажыць вайну.

ав

19 красавіка 1943 года пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета

19.04.2021 08:50
Святкаванні ўшанавання памяці герояў паўстання ў Варшаўскім гета пачнуцца апоўдні.

Удзельнік Паўстання ў Варшаўскім гета: Мы самі абралі шлях сваёй смерці

19.04.2021 15:04
Адзін з паўстанцаў гета Сімха Ратайзер-Ротэм праз шмат гадоў успамінаў, што выбух паўстання быў апошнім актам трагедыі габрэяў, якія вырашылі, што хочуць памерці ў баі, а не ў газавых камерах.