Беларуская Служба

МЗС Польшчы: Мы будзем працягваць настойваць на вызваленні палякаў з беларускіх турмаў

27.07.2021 09:57
На думку польскага боку, эканамічныя санкцыі, уведзеныя ЕС супраць Беларусі, пачынаюць адчувацца сярод беларускага істэблішменту.
Andżelika Borys
Andżelika BorysWłodzimierz Pac/Polskie Radio

- Мы будзем працягваць ціск на ўлады ў Мінску, каб вызваліць нашых суайчыннікаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі, – запэўніў намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Марцін Пшыдач. На яго думку, эканамічныя санкцыі, уведзеныя ЕС супраць Беларусі пасля арыштаў, пачынаюць адчувацца сярод беларускага істэблішменту.

У аўторак у Трэцяй перадачы Польскага радыё Пшыдача спыталі пра дзеянні польскай дыпламатыі па вызваленні прэзідэнта Саюза палякаў Беларусі Анджэлікі Борыс і сябра Саюза, журналіста Анджэя Пачобута – чатыры месяцы яны ўтрымліваюцца пад вартай у Беларусі як падазраваныя ў «падбухторванні да нянавісці» і «рэабілітацыі нацызму». Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Намеснік кіраўніка МЗС прызнаў, што «сітуацыя вельмі складаная». «Мы маем справу з вельмі складаным і даволі непрадказальным партнёрам. Улады Мінска не жадаюць весці такі дыялог, як гэтага хацеў бы астатні свет», – падкрэсліў Пшыдач.

Як ён адзначыў, у Беларусі зняволена больш за 500 чалавек, большасць з якіх незаконна. «Толькі дзякуючы палітычнаму ціску і палітыцы санкцый мы можам унесці пэўную цвярозасць у Мінск, і мы працягваем гэтую палітыку», – сказаў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, улады ў Мінску павінны «пералічыць кошты». «Ці выгадна ім незаконна затрымліваць людзей і плаціць за палітыку эканамічных санкцый», – падкрэсліў ён. «На гэтым прайграе не толькі беларускі істэблішмент, але і бізнес, які падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Прыйшоў час для аналізу, спадары ў Мінску», – сказаў Пшыдач.

Ён таксама ацаніў, што эканамічныя санкцыі не прыносяць эфекту «на працягу ночы». «Але ў мяне склалася ўражанне, што рашэнні ЕС ужо пачынаюць адчувацца сярод эканамічнага істэблішменту ў Беларусі. (...) Калі гэта не прынясе чаканых вынікаў, мы будзем працягваць (гэта) з выкарыстаннем іншых інструментаў. (...) Мы будзем працягваць дамагацца свабоды нашых суайчыннікаў», – запэўніў ён.

У сакавіку былі арыштаваны Анджэй Пачобут, старшыня СПБ Анджаліка Борыс і яшчэ тры актывісткі польскай меншасці – Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўска і Ганна Панішэва.

2 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Польшчы абвясціла, што Бярнацка, Цішкоўска і Панішэва вызвалены з-пад варты і вывезены ў Польшчу. Жанчыны не могуць вярнуцца ў Беларусь. Абвінавачанні з іх не зняты.

Пачобут і Борыс застаюцца пад вартай, хутчэй за ўсё, з-за адмовы выехаць з Беларусі.

ав