Беларуская Служба

Беларусы – найбуйнейшая група іншаземцаў, якая сёлета атрымала прытулак у Польшчы

16.10.2021 12:31
За першыя тры кварталы бягучага года заявы аб міжнароднай абароне ў Польшчы падалі амаль 5 200 замежнікаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

З ліпеня ў Польшчы прыкметна павялічылася колькасць заяў аб міжнароднай абароне, інфармуе Упраўленне па справах іншаземцаў. За першыя тры кварталы гэтага года такія заявы падалі амаль 5 200 замежнікаў.
Прэс-сакратар Упраўлення па справах іншаземцаў Якуб Дудзяк(Jakub Dudziak) паведаміў, што да канца верасня прытулку ў Польшчы прасілі, перш за ўсё, грамадзяне Афганістана і Беларусі:

- Такія заявы найчасцей падавалі грамадзяне Афганістана – 1 700 чалавек, у тым ліку эвакуяваныя ў Польшчу супрацоўнікі польскага вайсковага кантынгента і дыпламатыі. На другім месцы – грамадзяне Беларусі – 1 400 чалавек. Далей Расіі – 800 чалавек, Іраку – 500 і Украіны – 200 чалавек.

Як сказаў Якуб Дудзяк, сярод разгледжаных заяў, амаль у палове выпадкаў былі вынесены станоўчыя рашэнні:

-Цягам першых трох кварталаў бягучага году міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі 934 іншаземцы. У асноўным з Беларусі – 733 асобы, Расіі – 64 асобы і Турцыі - 48 чалавек. У дачыненні да 941 іншаземца былі выдадзеныя адмоўныя рашэнні. У асноўным, гэта былі грамадзяне Расіі і Украіны.

Замежнік можа атрымаць міжнародную абарону, калі ў краіне паходжання яму пагражае пераслед або рэальная рызыка страты жыцця або здароўя. Гэта пры ўмове, што ён не ўяўляе сабой пагрозы бяспецы краіны, у якой прытулак хоча атрымаць.

IAR/аз