Беларуская Служба

Сітуацыя на мяжы з Беларуссю застаецца напружанай

18.11.2021 08:53
За апошнія суткі здзейснена 501 спроба нелегальнага пранікнення з Беларусі ў Польшчу.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Wojska Obrony Terytorialnej

У дачыненні да 31 замежніка вынесеныя пастановы аб выдаленні з тэрыторыі Польшчы.

На сваім профілі ў Twitter польская Памежная служба паведаміла, што мінулай ноччу некалькі вялікіх груп мігрантаў спрабавалі сілай прарвацца праз мяжу. Адна з такіх груп налічвала каля 500 чалавек. Гэтыя спробы былі прадухіленыя.

Міністэрства нацыянальнай абароны паведаміла, што ўчора ўвечары адбылася спроба незаконнага перасячэння мяжы ў раёне вёскі Дубічэ-Цэркеўнэ, каардынаваная беларускім сілавікамі. Групу з каля 100 мігрантаў затрымалі польскія службы.

«Беларускія службы спачатку правялі разведку, — гаворыцца ў паведамленні міністэрства, — яны ж, хутчэй за ўсё, пашкодзілі агароджу. Затым беларусы прымусілі мігрантаў кідаць камяні ў польскіх жаўнераў, каб адцягнуць іх увагу. Спроба перасячы мяжу адбылася ў некалькіх сотнях метраў далей».

На начным відэа, апублікаваным у сацыяльных сетках, бачна вялікая група людзей з заплечнікамі, за якой назіраюць польскія афіцэры.

 З пачатку года Памежная ахова зафіксавала больш за 33 тысячы спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. Толькі ў лістападзе іх было 5 з паловай тысяч.

Польскі прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў у інтэрв'ю нямецкаму штодзённіку “Bild”, што Польшча, абараняючы сваю ўсходнюю мяжу, абараняе Еўропу і НАТО.

"Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў як зброю. Іх мішэні — Германія, Францыя, Нідэрланды. Таму мы абараняем усю Еўропу на нашай мяжы", — сказаў польскі прэм'ер.

Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што калі мы не будзем цвёрда абараняць свае межы ў Еўропе, сотні мільёнаў людзей з Афрыкі ці Блізкага Ўсходу паспрабуюць трапіць у Еўропу, асабліва ў Нямеччыну. "У Германіі больш за 80 мільёнаў чалавек - вы дазволіце прыехаць яшчэ 50 мільёнам?" — спытаў прэм'ер-міністр.

Палітык дадаў, што яму прыемна, што лідары NATO выказалі падтрымку Польшчы ў яе намаганнях па абароне мяжы. Матэвуш Маравецкі адзначыў, што калі гаворка ідзе пра пагрозу з боку Беларусі і Расіі, «нічога нельга выключаць».

ПР/юл