25 чэрвеня адбылося 100 спробаў нелегальнага перасячэння польскай мяжы з боку Беларусі. Кім з'яўляюцца людзі, якія спрабуюць трапіць у Польшчу і, верагодна, далей на Захад? Гэта мігранты ці ўцекачы? У чым іх адрозненне?
Вельмі часта словы мігрант і ўцякач выкарыстоўваюцца сінанімічна. Некаторыя не ведаюць, ці не задумваліся над гэтым пытаннем, але такі падыход няправільны.
Гэта празмернае спрашчэнне паняццяў, кажа прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах уцекачоў у Польшчы Рафал Кастшыньскі:
-Апошнім часам мы апублікавалі рапарт Global Trends. Выйшла, што на канец 2023 года было больш за 117 млн чалавек, прымусова перамешчаных. Гэтая катэгорыя ахоплівае ўцекачоў, але таксама і ўнутраных перасяленцаў, то бок людзей, якія пакінулі свой дом, але засталіся ў краіне. У іх лік таксама ўваходзяць палестынцы, але мы імі не займаемся. Палестынцамі апякуецца іншая адзінка. А калі вярнуцца да розніцы паміж уцекачом і мігрантам, то найбольшая заключаецца ў тым, што мігрант выязджае, бо хоча, а ўцякач, бо вымушаны. Права на міграцыю не з’яўляецца правам чалавека. Права на прытулак, права на міжнародную абарону – гэта права чалавека.
Гэтае права рэгулюе артыкул 1а Жэнеўскай канвенцыі, які гаворыць, што чалавек, які ў наступстве абгрунтаванай боязі перад пераследам, якая вынікае з пяці прадпасылак, павінен такі статус атрымаць.
-Мігрантам з’яўляецца паляк, які паехаў у Вялікабрытанію на працу. Уцекачом з’яўляецца сірыец, які ўцёк у Лібан, ці іншае месца, паколькі яго горад бамбілі. Уцекачамі з’яўляюцца ўкраінцы, якія ў выніку бамбардзіровак прыехалі ў Польшчу, ці іншую краіну. Уцякач – гэта суданец, які ў выніку канфлікту ў яго краіне, які працягваецца з сакавіка мінулага году, быў вымушаны з’ехаць з краіны. Розніцы відавочныя, – тлумачыць Рафал Кастшыньскі.
Прадстаўнік ААН звяртае ўвагу на яшчэ адзін аспект. Часта слова ўцякач становіцца эпітэтам. Яно пачынае быць сінонімам людзей з іншым колерам скуры. Гэтае слова выкарыстоўваюць, каб пужаць у рознай палітычнай прапагандзе. Што не менш шкоднае.
Рафал Кастшыньскі абвяргае міф, што ўцекачы ўцякаюць у месцы, дзе ім было б найлепш. Насамрэч, яны ўцякаюць туды, куды ім бліжэй за ўсё:
-Калі паглядзець на статыстыку, напрыклад, самую новую – Global Trends 2023, то бачна выразна: больш за 75% уцекачоў шукаюць сховішча ў краіне, якая па суседству з краінай, дзе ідзе канфлікт. Польшча з’яўляецца выдатным прыкладам. Яна дала сховішча больш як мільёну ўкраінцаў. І такіх прыкладаў, вядома, шмат. А іншая статыстычная лічба, якая выдатна паказвае сітуацыю: больш за 70% уцекачоў знаходзіць прытулак у краінах найбяднейшых, а не самых багатых. Гэтыя краіны разам вырабляюць 20% сусветнага ВУП. Гэта абвяргае чарговы міф, які выкарыстоўваецца ў рознай прапагандзе, што мэтай уцекачоў з’яўляюцца багатыя краіны ў Еўропе, ці ЗША. Гэта няпраўда, гэта не мае адлюстравання ў статыстыцы.
Кім з’яўляюцца людзі, якія знаходзяцца на беларускім боку мяжы, і якія спрабуюць нелегальным чынам трапіць у Польшчу? Прадстаўнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах уцекачоў гаворыць, што гэта вельмі складанае пытанне. Каб на яго адказаць, трэба было б мець доступ да гэтых людзей, а яго няма:
-Беручы нацыянальны профіль людзей, якія там знаходзяцца, то гэта Емен, Сірыя, гэта краіны Блізкага Усходу, як Афганістан, якія ахопленыя канфліктамі, і якія, брыдка кажучы, выпускаюць уцекачоў. Можна мець цалкам абгрунтаваныя падставы, каб лічыць, што гэтыя людзі выконваюць умовы, каб атрымаць міжнародную абарону, калі б ім удалося падаць заяву аб прызнанні іх уцекачамі. У дыскусіі пра польска-беларускую мяжу ёсць спробы надаць адно акрэсленне для цэлай групы людзей на польска-беларускай мяжы. Верагодна, там ёсць і мігранты, і ўцекачы. Толькі цяжка выкарыстоўваць масавую адказнасць: то бок паколькі мы не ведаем, хто там, то давайце лічыць іх мігрантамі. І многія, хутчэй за ўсё, імі з’яўляюцца. Аднак справа ў тым, каб у гуманітарных сітуацыях не выкарыстоўваць калектыўнай адказнасці. Такі падыход звычайна заканчваецца індывідуальнымі трагедыямі.
Нярэдка ў дыскусіях пра ўцекачоў чуваць дастаткова новае акрэсленне – кліматычныя ўцекачы. Гэтая катэгорыя не з’яўляецца праўнай нормай. Жэнеўская канвенцыя не ахоплівае людзей, якія ўцякаюць па прычыне змен клімату:
-Ідзе дыскусія, ці змены клімату павінны брацца пад увагу, калі гаворка ідзе пра пытанні ўцякацтва. Пакуль такога паняцця ў праве няма, хоць, канешне, у размоўнай мове можна ўжываць такое паняцце, больш у публіцыстычнай версіі. Мяне не скручвае, калі я чую выраз кліматычны ўцякач, але гэта надалей не з’яўляецца вызначанай праўнай нормай.
У 2023 годзе колькасць прымусова перамешчаных людзей наблізілася да 120 млн чалавек, гэта як бы жыхары цэлай Японіі былі вымушаныя пакінуць сваю краіну. Прадстаўнік ААН адзначае, што гэтая лічба стала расце апошнія 12 гадоў.
ав
слухайце аўдыё