Напад Расіі на Украіну выкліча сур'ёзныя перастаноўкі на рынку ІТ-паслуг у нашым рэгіёне. Заходнія кампаніі, якія выходзяць з Расіі і Беларусі, цяпер кіруюцца, у тым ліку, у Польшчу. Таму попыт на і без таго дэфіцытных ІТ-спецыялістаў павялічыцца, піша Rzeczpospolita.
– Працы ў нас шмат, і яе ўвесь час становіцца больш. Цяпер мы назіраем павышаны попыт на ІТ-паслугі, што, несумненна, звязана з вайной ва Украіне, – кажа Конрад Вайске (Konrad Weiske), віцэ-прэзідэнт Арганізацыі ІТ-паслугаў працадаўцаў SoDA і прэзідэнт Spyrosoft SA. Ён нагадвае, што на Беларусь, Украіну і Расію ў нашым рэгіёне прыпадала прыкладна адна траціна ІТ-аўтсорсінгу. Расійская агрэсія істотна абмежавала магчымасці іх рэалізацыі ва Украіне, хоць многія ўкраінскія кампаніі перавялі спецыялістаў у больш бяспечныя рэгіёны краіны і працуюць далей.
У сваю чаргу, санкцыі супраць рэжыму Пуціна вымусілі многія сусветныя карпарацыі прыпыніць дзейнасць сваіх цэнтраў у Расіі, тым больш, што з-за блакады банкаўскіх разлікаў яны не могуць перавесці грошы на аплату працы сваім супрацоўнікам. У цяперашняй сітуацыі яны не хутка туды вернуцца. Падобная сітуацыя і ў Беларусі.
Гэта азначае, што праекты з усходу будуць пераносіцца ў іншыя краіны, у тым ліку ў Польшчу. Гэта ўжо адбываецца, як пацвердзіла Малгажата Вішнеўская (Małgorzata Wiśniewska), кіраўнік Avenga Poland.
– Попыт на ІТ-спецыялістаў у нашай краіне значна ўзрос у сувязі з пераездам у Польшчу кампаній, якія карыстаюцца ІТ-рэсурсамі ва Украіне да гэтага часу. Пры нязменнай колькасці спецыялістаў гэта азначае яшчэ большы дэфіцыт, чым раней, – кажа Вішнеўская.
Паводле аналізу Adecco Group, у лютым колькасць прапаноў на польскіх парталах па найму і ў сацыяльных сетках павялічылася да 53,4 тысячы. Гэта амаль удвая больш у параўнанні з канцом папярэдняга года.
Такі рост попыту яшчэ больш узмацніў канкурэнцыю за дасведчаных спецыялістаў. Праграмісты, ІТ-архітэктары або (асабліва цяпер) эксперты ў галіне хмарных сэрвісаў і ІТ-бяспекі цэняцца на вагу золата.
Вайна заблакавала праграму Poland Business Harbor, што дапамагла павялічыць прыток IT-спецыялістаў з усходу, у асноўным беларусаў, якія цяпер могуць баяцца, што іх таксама ахопяць моцныя антырасийскія настроі.
Большасць украінскіх IT-спецыялістаў, якія працуюць у Польшчы, засталіся, але прытоку новых няма, бо мужчыны 18–60 гадоў не могуць, а часта і не хочуць з’язджаць з Украіны.
Хоць значная колькасць працадаўцаў, якія працуюць ва Украіне, даюць сваім супрацоўнікам магчымасць пераехаць у Польшчу, цікавасці да гэтага варыянту пакуль мала. Наступствам гэтага зʼяўляюцца пастаянны дэфіцыт кадраў і, адпаведна, павелічэнне колькасці адкрытых вакансій у сферы ІТ у Польшчы.
Апошняе даследаванне аб эканамічнай сітуацыі паказвае, што ў студзені і лютым гэтага года недахоп кваліфікаваных кадраў быў перашкодай для дзейнасці амаль паловы кампаній IT-сектара. Гэта найбольш за ўсю гісторыю гэтых даследаванняў.
вх