Беларуская Служба

Маравецкі: Польшча мела рацыю, калі папярэджвала аб вялікіх рызыках залежнасці Еўропы ад Расіі

01.05.2023 18:05
Без дапамогі ЗША «не было б Украіны, а расійскія войскі былі б на мяжы Падкарпацкага і Люблінскага ваяводстваў», лічыць польскі прэм'ер. 
      ,           ,
Без дапамогі ЗША «не было б Украіны, а расійскія войскі былі б на мяжы Падкарпацкага і Люблінскага ваяводстваў», лічыць польскі прэм'ерPAP/Paweł Supernak

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча мела рацыю, калі папярэджвала Еўрасаюз аб вялікіх рызыках, звязаных з залежнасцю Еўропы ад паставак з Расіі энергарэсурсаў.

У 19-ю гадавіну ўступлення Польшчы ў ЕС кіраўнік польскага ўраду казаў пра неабходнасць поўнага аднаўлення энергетычнай бяспекі і адмовы ад, як ён назваў, трагічнай памылкі, якая «стаяла ў пачатку драматычнага, варварскага рашэння Расіі напасці на Украіну».

«Калі б не было магчымасці адключыць Украіну ад газатранспартнай сістэмы, калі б не «Паўночны паток – 1» і «Паўночны паток – 2», калі б не залежнасць Заходняй і Цэнтральнай Еўропы ад Расіі, гэтай вайны, якая цяпер працягваецца ва Украіне, магло б і не быць. Там позна гэта зразумелі і сёння прызнаюць, што мы мелі рацыю, што Польшча мела рацыю, а фактычна – наш урад, таму што менавіта наш урад папярэджваў пра гэтыя вялізныя пагрозы», – сказаў Маравецкі.

Польскі прэм’ер пры гэтым падкрэсліў, што без ЗША, без трансатлантычнай супольнасці сёння не было б свабоднай і незалежнай Украіны.

«Не было б Украіны, а расійскія войскі былі б на мяжы Падкарпацкага і Люблінскага ваяводстваў. Такая была б рэальнасць. Таму ўсе сілы ў Еўропе, якія здраджваюць трансатлантычнай ідэі, умацаванню гэтай ідэі, не працуюць на стабільнасць, не працуюць на бяспеку і не працуюць належным чынам на аднаўленне міру», – зазначыў Маравецкі.

вс