19 чалавек затрымалі супрацоўнікі Галоўнага следчага бюро паліцыі па справе аб выстаўленні фальшывых рахункаў на 1,5 мільярда злотых ($360 млн).
Страты Дзяржаўнай казны, прычыненыя злодзеямі падатку ПДВ, ацэньваюцца прыкладна ў 140 мільёнаў злотых ($33млн).
Больш за 350 чалавек былі ахопленыя следствам, якое на працягу пяці гадоў вялося Заходнепаморскім дэпартаментам пракуратуры.
Махляры стварылі чатыры злачынныя групы і сетку сувязяў, дзякуючы якім выстаўляліся так званыя «пустыя рахункі-фактуры» і на іх аснове атрымлівалі неправамернае вяртанне ПДВ.
Рахункі-фактуры выстаўляліся перадусім у Варшаве, Бельску-Бялай і Глівіцах (на поўдні Польшчы), а таксама ў Іспаніі.
17 чалавек пачулі абвінавачанні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, адмыванні грошай, падробцы рахункаў-фактур і падатковых злачынствах. Суд пастанавіў узяць пад варту пяць падазраваных. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
яс/IAR