Беларуская Служба

Анджэй Дуда заклікаў пакараць расійскіх ваенных злачынцаў і падтрымаць беларускіх дэмакратычных лідараў

17.05.2023 15:57
Пра гэта польскі лідар казаў падчас саміту Рады Еўропы.
Andrzej Duda.
Andrzej Duda.фота: PAP/Leszek Szymański

Прэзідэнт Анджэй Дуда заклікаў пакараць вінаватых ва ўсіх ваенных злачынствах, здзейсненых ва Украіне. Пра гэта польскі лідар казаў падчас саміту Рады Еўропы ў Рэйк’явіку. Вайна ва Украіне - галоўная тэма сустрэчы лідараў 46 краін кантынента.

Анджэй Дуда ў сваёй прамове заявіў, што неабходнай умовай для спынення вайны з'яўляецца падтрымка Украіны Захадам. Ён падкрэсліў, што Еўропа павінна дапамагчы тысячам украінскіх дзяцей, выкрадзеных Расіяй, вярнуцца дадому. Анджэй Дуда заклікаў судзіць ваенных злачынцаў.

- Злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы павінны быць старанна расследаваныя, да таго часу, пакуль усе іх аўтары не будуць прыцягнутыя да адказнасці і кожная ахвяра не атрымае справядлівай кампенсацыі за свае пакуты.

Польскі прэзідэнт таксама заклікаў падтрымаць лідараў дэмакратычнага руху Беларусі.

- Мы павінны ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку журналіста Анджэя Пачобута і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

Галоўнае рашэнне саміту Рады Еўропы ў Рэйк’явіку — падрыхтоўка рэестру расійскіх злачынстваў ва Украіне. Гэта павінна дапамагчы ў аднаўленні краіны, а таксама прыцягненні да адказнасці аўтараў ваенных злачынстваў.

IAR/нг