Беларуская Служба

Трамп зрабіў чарговы крок да прэзідэнства

16.07.2024 15:02
На з'ездзе Рэспубліканскай партыі ЗША Дональд Трамп стаў афіцыйным кандыдатам у прэзідэнты. Сваім віцэ-прэзідэнтам ён назваў Джэй Ды Вэнса, які галасаваў супраць адпраўкі зброі Украіне.
Аўдыё
  • Трамп вылучаны кандыдатам у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі
Ілюстрацыйны здымакEPA/JUSTIN LANE EPA-EFE/JUSTIN LANE EPA-EFE/JUSTIN LANE Dostawca: PAP/EPA.

Абодва палітыкі заяўляюць, што ў выпадку абрання Трампа прэзідэнтам, яны пачнуць мірныя перамовы з Расіяй ды Украінай, каб сфакусавацца на «рэальнай праблеме, якой з'яўляецца Кітай». Ва Украіне прагназуюць праблемы ад гэтай пары, але рэагуюць стрымана. Больш панікі чуваць сярод еўрапейскіх палітыкаў.

На другі дзень пасля нападу падчас мітынгу ў Пенсільваніі Дональд Трамп з'явіўся на публіцы на з'ездзе Рэспубліканскай партыі ў Мілўокі. Былы прэзідэнт ЗША не выступаў, але публіка сустрэла яго працяглымі авацыямі. Рэспубліканцы таксама выкарыстоўвалі прысутнасць Трампа для крытыкі палітыкі ды кандыдатуры Джо Байдэна.

Дональд Трамп фармальна стаў кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі ЗША на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе. За былога прэзідэнта прагаласавалі амаль 2400 дэлегатаў з усіх куткоў ЗША, кандыдатам у віцэ-прэзідэнты абраны Дж. Д. Вэнс, перадае амерыканскі карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі.

-  З забінтаваным вухам Дональд Трамп выйшаў да публікі пад гукі патрыятычнага хіту музыкі кантры «Божа, блаславі Амерыку». Рэакцыяй на яго з’яўленне сталі авацыі ды крыкі «ЗША, ЗША». Былы прэзідэнт ішоў паволі, час ад часу падымаючы руку з далонню сціснутай у кулак. Звычайныя амерыканцы казалі, што пры прэзідэнце Трампе ім жылося лепш. Голас за Трампа – гэта голас за поўны гаманец і добрую ежу, казала жыхарка Філадэльфіі Амбер Роўз. У выніку большасць дэлегатаў з’езду Рэспубліканскай партыі аддалі свае галасы за Трампа, лічбу 2387 галасоў агучыў старшыня Палаты прадстаўнікоў ЗША Майкл Джонсан. Афіцыйна Трамп пацвердзіць вылучэнне падчас прамовы ўначы з чацвярга на пятніцу.

Палітычны пачатковец, праціўнік узбраення Украіны і былы крытык Дональда Трампа - Дж. Вэнс абраны кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі на пасаду віцэ-прэзідэнты ЗША. Джэймс Дэвід Вэнс, які публічна выкарыстоўвае абрэвіятуру двух сваіх імёнаў, амаль 40-гадовы сенатар ад Агаё. Чым ён вядомы, распавядае польскі журналіст Караль Дармарос.

- У 2016-м годзе Джэймc Дэйвід Вэнс выдаў кніжку, якую назвалі «Лапцёжная элегія», а таксама тлумачэннем папулярнасці Трампа сярод працоўнай класы. Тады ён быў сярод тых прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі, якія казалі «больш ніколі Трампа». Вэнс казаў тады, што Трамп можа стаць «амерыканскім Гітлерам». Сёння ён кажа, што не так разумеў прэзідэнта ў 2016-м годзе. Трамп нядаўна прызнаў, што яго новы віцэ казаў пра яго кепскія рэчы, але потым як пазнаёміўся асабіста – змяніў думку. У міжнароднай палітыцы сенатар з Агаё выступае з падобнай да Трампа пазіцыі: «Амерыка перад усім». З еўрапейскага пункту гледжання для дапамогі Украіне будзе лепш, калі Еўропа стане больш самадастатковай, заяўляў ён нядаўна. Пры гэтым Вэнс адназначна падтрымлівае Ізраіль.

Ва Украіне пакуль стрымана каментуюць гэтую інфармацыю, кажучы, што кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША Дж.Д.Вэнс паўтарае асноўныя тэзісы Трампа аб тым, што з Пуціным атрымаецца дамовіцца і вайна будзе спыненая. 

Больш вострыя ацэнкі гучаць у ЕС.«Гэта катастрофа для Украіны», – так Еўропа адрэагавала на кандыдатуру Джэй Ды Вэнса ў якасці віцэ-прэзідэнта Трампа, напісаў партал Politico. Журналісты спасылаюцца на меркаванні еўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў, якія ўсё больш нервуюцца з нагоды магчымай другой адміністрацыі Трампа. Пры гэтым падчас апошняга саміту НАТА еўрапейскія палітыкі правялі шэраг сустрэч з Трампам і асобамі з яго блізкага атачэння дзеля ўсталявання кантактаў у рамках прагматызму. З'явіліся меркаванні, што таксама Кіеву трэба як мага хутчэй устанавіць кантакты з Трампам, тым больш, што ён збіраецца спыніць вайну адразу пасля выбараў.

Як паведамляе газета Financial Times, калі Дональд Трамп пераможа на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе, ён адразу ж запатрабуе мірных перамоў паміж Расіяй і Украінай. Пра гэта гаворыцца ў прыватным лісце прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана лідарам ЕС, з якім азнаёмілася выданне. Украіна працягне атрымліваць ваенную дапамогу ЗША толькі ў тым выпадку, калі яна ўступіць у мірныя перамовы з Расіяй.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч