Прэзідэнт Анджэй Дуда заўтра наведае Францыю, дзе возьме ўдзел у сустрэчы лідараў краінаў Веймарскага трохкутніка. Гэты фармат ствараюць Польшча, Францыя і Германія.
Сустрэча ў Елісейскім палацы будзе прысвечана перш за ўсё двум пытанням: сітуацыі з бяспекай у Еўропе ў сувязі з вайной ва Украіне і маючым адбыцца саміце НАТА.
Кіраўнік Дэпартамента міжнароднай палітыкі прэзідэнта, міністр Марцін Пшыдач, заявіў, што лідары Веймарскага трохкутніка дэталёва абмяркуюць, напр., абвешчаны наступ Расіі і контрнаступленне Украіны.
«Усе тры краіны пагаджаюцца, што неабходна працягваць падтрымку Украіны», – адзначыў міністр Марцін Пшыдач.
Ён нагадаў, што Польшча шмат робіць у гэтай справе з пачатку вайны і будзе заахвочваць да гэтага партнёраў з Францыі і Германіі. Дыскусія прэзідэнтаў і канцлера таксама будзе прысвечана сітуацыі з бяспекай на ўсім усходнім флангу НАТА і маючаму адбыцца саміту альянсу.
Міністр Марцін Пшыдач нагадаў, што польскі прэзідэнт ужо шмат тыдняў вядзе перамовы на гэтую тэму ў міжнароднай групе. Прэзідэнт Анджэй Дуда, як сказаў міністр Пшыдач, хоча, каб дыпламатычныя дзеянні ў гэтай справе былі праведзеныя раней, што дазволіць выпрацаваць парадак дня саміту і забяспечыць абмеркаванне найбольш важных з польскага пункту гледжання пытанняў.
Перад сустрэчай лідараў Веймарскага трохкутніка адбудзецца таксама двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Польшчы і Францыі. Анджэй Дуда і Эманюэль Макрон правядуць сам-насам размову, падчас якой абмяркуюць пытанні, звязаныя галоўным чынам з польска-францускімі адносінамі.
яс