У рэзалюцыі Сейм выказаўся супраць планаў аб увядзенні гэтага механізму.
За пастанову прагаласавалі 242 дэпутаты, супраць – пяць, 34 дэпутаты ўстрымаліся ад галасавання.
Праект пастановы падрыхтавала кіроўная партыя «Права і справядлівасць» (ПіС). Яе аўтары не згодныя з тым, «што польская дзяржава павінна несці сацыяльныя і фінансавыя выдаткі памылковых рашэнняў іншай краіны-сябра Еўрасаюза».
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі (Mateusz Morawiecki) заявіў, што міграцыйны пакт – гэта дыктат, і польскі ўрад не згаджаецца на нелегальную міграцыю і штрафы за непрыманне мігрантаў.
- Ніхто нас не будзе вучыць салідарнасці, а тым больш немцы нас не будуць вучыць. Гэта нейкая паранойя, што немцы, якія нясуць адказнасць за злачынствы (Другой сусветнай вайны- рэд.) і павінны нам выплаціць рэпарацыі, сёння мелі смеласць заклікаць нас да салідарнасці. Гэта не дамова па мігрантах, гэта дыктат, які мэтай вызначыў, у тым ліку, змяніць культурныя падыходы Еўропу.
Лідар ПіС Яраслаў Качыньскі падчас дыскусіі ў Сейме над пастановай ЕС аб размеркаванні мігрантаў абвесціў, што ў Польшчы будзе праведзены рэферэндум па перасяленні мігрантаў.
На мінулым тыдні пры супраціўленні Польшчы і Венгрыі міністры ўнутраных спраў краін ЕС прынялі міграцыйны пакт. Балгарыя, Мальта, Літва і Славакія ўстрымаліся.
Пагадненне ўводзіць прынцып абумоўленасці – альбо краіны пагодзяцца прыняць мігрантаў, якія дабіраюцца на поўдзень Еўропы праз Міжземнае мора, альбо будуць плаціць каля 20 тысяч еўра за кожнага недапушчанага.
яс