Пераезд «Групы Вагнера» ў Беларусь стварае новыя небяспекі для Польшчы, кажа былы камандзір Шматнацыянальнага паўночна-ўсходняга корпусу, выкладчык Акадэміі ваенных даследаванняў генерал Багуслаў Самаль(Bogusław Samol) у размове з PAP.
«Беларусь і Расія, нягледзячы на тое, што ва Украіне ідзе вайна, увесь час спрабуюць дэстабілізаваць сітуацыю ў Польшчы, асабліва ў яе ўсходняй частцы (…) Нашыя сілы бяспекі, гэта значыць армія, Памежная служба, а таксама Войскі тэрытарыяльнай абароны, пакуль эфектыўна спыняюць нелегальную іміграцыю з Беларусі ў Польшчу і ў Еўрасаюз. Аднак гэтыя спробы, калі гаворка ідзе пра мігрантаў, падтрымлівае беларуская памежная служба. Я падазраю, што зараз яна будзе ўзмоцненая вагнераўцамі – выдатна экіпіраванымі і падрыхтаванымі не толькі для баявых, але і для дыверсійных дзеянняў. Таму трэба ўлічваць эскалацыю падзей на мяжы з Польшчай», – лічыць генерал Самаль.
«Тым не менш, калі прэзідэнт Беларусі даў ім прытулак, то ён таксама нясе адказнасць за тое, што адбываецца ў гэтых падраздзяленнях у Беларусі. Тут няма ніякага тлумачэння, калі гаворка ідзе пра міжнароднае вымярэнне, што гэта нейкія «выхадцы», якія дзейнічаюць толькі на тэрыторыі Беларусі і ніякага дачынення да беларускіх уладаў не маюць», – падкрэсліў вайсковец.
Ён перасцярог, што «вагнераўцаў» могуць выкарыстоўваць, як, нібыта, цывільныя асобы (без мундзіраў), у працэсе перапраўкі мігрантаў у Польшчу і іншыя краіны ЕС.
«Расійскія і беларускія ўлады будуць гэтым бязлітасна карыстацца – правакацыямі і перакладаннем адказнасці на арганізаваную злачыннасць. Будуць, напрыклад, пераконваць, што палякі не спраўляюцца з нелегальнай міграцыяй, дык што ім рабіць», – сказаў генерал.
Паводле яго, падрыхтоўка вагнераўцаў да аперацыі ў Беларусі можа заняць да некалькіх тыдняў. «Яны практычна толькі што сышлі з поля бою ва Украіне. Яны, вядома, адпачнуць, потым пачнецца перыяд падрыхтоўкі дыверсій або правакацый», – ацаніў генерал Самаль і падкрэсліў, што рэагаванне на такія пагрозы патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі з польскага боку.
Нагадваем, пасля заканчэння кароткага вайсковага супраціву, ініцыяванага кіраўніком «Групы Вагнера» Яўгенам Прыгожыным, было абвешчана, што частка ягонага фармавання наймітаў пераедзе ў Беларусь. Падрабязнасці гэтых дамоўленасцей невядомыя, а па дадзеных амерыканскага Інстытута даследаванняў вайны, Прыгожын можа надалей весці перамовы з расійскімі ўладамі аб сваім далейшым лёсе.
аз