Беларуская Служба

Caritas Polska дапамагае афрыканскім краінам

04.07.2023 16:15
Сёлета на рэалізацыю розных праектаў дапамогі арганізацыя прызначыла каля мільёна злотых.
Здымак мае ілюстрацыйны характарMat. pras.

Каталіцкая дабрачынная арганізацыя Caritas Polska аказвае гуманітарную дапамогу і дапамогу ў развіцці ў некалькіх афрыканскіх краінах. Па дадзеных арганізацыі, амаль 300 мільёнаў жыхароў афрыканскага кантынента пакутуюць ад голаду, больш за 400 мільёнаў маюць абмежаваны доступ да пітной вады, а каля 600 мільёнаў не маюць доступу да асноўнай медыцынскай дапамогі.

Анна Лясоцка(Anna Lasocka) з Caritas Polska паведамляе, што за апошнія тры гады арганізацыя аказала дапамогу ў 15 краінах Афрыкі:

- Мы рэалізуем некалькі дзясяткаў праектаў у трох асноўных сектарах – харчаванне, медыцынская дапамога і адукацыя. Мы падтрымліваем таксама ваенных бежанцаў. Сёлета мы рэалізуем свае праекты, між іншым, у такіх краінах, як Маўрытанія, Буркіна-Фасо, Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Паўднёвы Судан. Наш прыярытэт, каб згаданая дапамога была абгрунтаваная і доўгатэрміновая. Таму мы супрацоўнічаем з афрыканскімі аддзеламі Caritas.

Харчовыя праекты Caritas Polska рэалізуе, між іншым, ў Буркіна-Фасо, Паўднёвым Судане, Эфіопіі і на Мадагаскары.

У 2023 годзе на рэалізацыю праектаў дапамогі ў сектарах харчавання, медыцынскай дапамогі і адукацыі арганізацыя прызначыла каля мільёна злотых.

IAR/аз