Беларуская Служба

Джорджа Мелоні: Італія, як і Польшча, хоча спыніць нелегальную міграцыю ў Еўропу

05.07.2023 13:01
Еўразвяз павінен засяродзіцца на эфектыўнай ахове сваіх вонкавых межаў, а не толькі абмяркоўваць вырашэнне пытання нелегальных мігрантаў, якія ўжо знаходзяцца на яго тэрыторыі. 
     .
Джорджа Мелоні падчас візіту ў Польшчу.фота: PAP/Marcin Obara

Прэм'ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні заявіла, што, як і Польшча, яе краіна хоча спыніць нелегальную міграцыю ў Еўропу. Кіраўнікі ўрадаў абедзвюх краінаў сустрэліся ў Варшаве і закранулі, сярод іншага, пытанне падтрымкі Украіны, саміту НАТА ў Вільні і зялёнага пагаднення ЕЗ.

Джорджа Мелоні лічыць, што Еўразвяз павінен засяродзіцца на эфектыўнай ахове сваіх вонкавых межаў, а не толькі абмяркоўваць вырашэнне пытання нелегальных мігрантаў, якія ўжо знаходзяцца на яго тэрыторыі. На думку італьянскага прэмʼера, неабходная шырокая супраца з краінамі Паўночнай Афрыкі.

Кіраўніца італьянскага ўраду дадала, што цалкам разумее пазіцыю польскіх уладаў адносна прапанаванага механізму перамяшчэння ўцекачоў. Яна звярнула ўвагу на маштабы дапамогі, якую Польшча аказала людзям, якія ўцякаюць ад вайны з Украіны. У той жа час яна раскрытыкавала ўлады ЕЗ за, на яе думку, недастатковую падтрымку Польшчы ў гэтым пытанні.

Прэмʼер-міністр Італіі падкрэсліла, што яе краіна падтрымлівае барацьбу Украіны за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, а дзеянні Расіі лічыць непрымальнымі. Яна дадала, што падтрымлівае пазіцыю Польшчы аб прадастаўленні Украіне гарантый бяспекі.

На думку Мелоні, Еўропа таксама павінна працаваць над умацаваннем незалежнасці ад паставак сыравіны з Расіі.

IAR/нг