Беларуская Служба

«Моцная бела-чырвоная» – гэта дэвіз сёлетняга Дня Войска польскага 15 жніўня

09.07.2023 16:05
Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак прадставіў сёння праграму сёлетняй урачыстасці.
             .
Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак прадставіў праграму сёлетняй урачыстасці на Дзень Войска польскага.PAP/Paweł Supernak

«Моцная бела- чырвоная» – пад такім дэвізам пройдзе сёлетні Дзень Войска польскага, які будзе адзначацца 15 жніўня.

Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак прадставіў сёння праграму сёлетняй урачыстасці.

Міністр паведаміў, што цэнтральнай часткай святкаванняў стане парад на Вісластрадзе ў Варшаве.

«Святкаванні пачнуцца 12 жніўня, да 15 жніўня ў 70 гарадах краіны пройдуць пікнікі. Можна будзе сустрэць жаўнераў Войска польскага, паразмаўляць з імі, але кульмінацыяй стане 15 жніўня ў Варшаве. А 14 гадзіне на праспекце Вісластрада пачнецца ваенны парад», – паведаміў міністр Марыюш Блашчак.

Падчас параду вайскоўцы прадставяць самую сучасную тэхніку польскай, карэйскай і амерыканскай вытворчасці.

Сярод іх: K2 Чорная пантэра – карэйскі танк новага пакалення, самаходныя артылерыйскія гаўбіцы KRAB польскай вытворчасці, Bayraktar TB2 – сучасны беспілотнік, RAK – самаходны мінамёт 120-мм, K9 Thunder – дакладная і эфектыўная карэйская самаходная гаўбіца на гусенічным шасі, ROSOMAK – колавы бронетранспарцёр польскай вытворчасці, самы бяспечны ў свеце танк для экіпажа M1A1 Abrams – мадыфікаваны для патрэб Войска польскага, HIMARS – самая сучасная ракетная ўстаноўка, ŻMIJA – лёгкія машыны, якія выкарыстоўваюцца жаўнерамі разведвальных падраздзяленняў, сістэма PATRIOT – эфектыўны комплекс супрацьпаветранай абароны сярэдняй далёкасці, БМП Borsuk – найноўшая польская баявая машына пяхоты.

У парадзе возьмуць удзел больш за 2 тысячы вайскоўцаў і 200 адзінак баявой тэхнікі. Сваё майстэрства пакажуць ваенныя лётчыкі, якія прадставяць 92 самалёты, у тым ліку FA 50, F-16 і беспілотныя лятальныя апараты.

На ўдзельнікаў Дня Войска польскага 15 жніўня чакаюць дэманстрацыі тэхнікі і падрыхтоўкі салдат, канцэрты ваенных аркестраў, гульні і заняткі для дзяцей. Таксама будуць працаваць пункты вярбоўкі, дзе жадаючыя змогуць паразмаўляць з навабранцамі і даведацца больш пра службу ў Войску польскім.

яс/IAR