Беларуская Служба

Польшча хоча разам з Паўднёвай Карэяй удзельнічаць у пасляваенным аднаўленні Украіны

14.07.2023 16:22
Паводле прагнозаў Сусветнага банка, Еўракамісіі, ААН, а таксама ўрада Украіны, кошт рэканструкцыі ацэньваецца не менш чым у 411 мільярдаў долараў.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Andrzej Lange

Польскі ўрад заахвочвае цеснае партнёрства паміж польскімі і паўднёвакарэйскімі кампаніямі, якія валодаюць адпаведным вопытам у сектарах, важных для пасляваеннага аднаўлення (напрыклад, будаўніцтва, транспартная інфраструктура, машынабудаванне, IT-рашэнні). Дзеля гэтага бакі падпісалі польска-карэйскі мемарандум па стварэнні пляцоўкі для абмеркавання і каардынацыі сумесных дзеянняў па падтрымцы адбудовы Украіны

Пра гэта заявіла намеснік міністра фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Польшчы, паўнамоцны прадстаўнік урада ў справах польска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў галіне развіцця Ядвіга Эмілевіч.

Чыноўніца адзначыла, што гэта яшчэ адзін сігнал для Украіны аб тым, што «яна можа разлічваць на падтрымку з усяго вольнага свету». Апроч таго гэта яшчэ адзін крок, які ўмацуе і падтрымае далейшае развіццё эканамічных адносін паміж Польшчай і Паўднёвай Карэяй.

Эмілевіч выказала перакананне, што ў далейшым бакі «будуць праводзіць сумесныя мерапрыемствы і праекты, якія будуць спрыяць паступоваму, пасляваеннаму аднаўленню Украіны».

Паўднёвая Карэя за апошнія гады стала вядучым замежным інвестарам у Польшчы. Тут дзейнічае каля 550 кампаній з паўднёвакарэйскім капіталам, што ставіць Рэспубліку Карэя на другое месца пасля ЗША сярод найбуйнейшых нееўрапейскіх інвестараў у Польшчы.

Паводле дадзеных Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю, прадпрымальнікі з Рэспублікі Карэя часцей за ўсё выбіраюць Польшчу як месца для развітых электрамабільных, энергетычных і транспартных працэсаў.

PAP