Беларуская Служба

У Міністэрстве замежных спраў Польшчы завяршылася сустрэча з украінскім дыпламатам

02.08.2023 11:49
У сувязі з заявамі прадстаўнікоў украінскай улады ў МЗС быў запрошаны амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч. Але з-за яго адсутнасці ў Варшаве ў МЗС прыехаў намеснік. З журналістамі ўкраінскі дыпламат не размаўляў.
Ілюстрацыйнае фотаbieszczady_wildlife/shutterstock.com

Раней украінскае МЗС запрасіла амбасадара Польшчы ў Кіеве Барташа Ціхоцкага ў сувязі з заявай кіраўніка аддзела міжнароднай палітыкі прэзідэнта Марціна Пшыдача. Прэм'ер-міністар Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што такой сітуацыі не павінна быць. Ён нагадаў, што амбасадар Ціхоцкі быў адзіным з дыпламатаў, хто застаўся ў Кіеве ў дзень уварвання Расіі ва Украіну. Ён назваў дзеянні ўкраінскіх уладаў памылкай.

Раней намеснік міністра замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык сказаў, што запрашэнне польскага амбасадара Барташа Ціхоцкага ў МЗС Украіны было дыпламатычнай памылкай. Намеснік міністра дадаў, што гэта вельмі жорсткая мера рэакцыі ў двухбаковых адносінах. Ён адзначыў, што натуральным адказам павінна стаць запрашэнне ў МЗС Польшчы амбасадара Украіны Васіля Зварыча, бо ў дыпламатыі дзейнічае прынцып узаемнасці, таму МЗС Польшчы запрасіла наведаць украінскага амбасадара.

Канфлікт пачаўся пасля таго, як пазаўчора ў эфіры TVP 1 кіраўнік аддзела міжнароднай палітыкі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач сказаў пра ўвядзенне забароны на ўвоз украінскага збожжа ў Польшчу. Ён падкрэсліў, што ў гэтай справе «самае важнае цяпер – адстаяць інтарэсы польскага фермера».

«Мы ў сезоне збору ўраджаю. Польскае збожжа трэба збіраць, захоўваць і размяркоўваць па адпаведнай, годнай цане», – сказаў Марцін Пшыдач. «Украіна атрымала вялікую падтрымку з боку Польшчы, было б таго варта, каб яна пачала цаніць, якую ролю Польшча адыграла для Украіны ў апошнія месяцы і гады. Адсюль гэтыя і ніякія іншыя рашэнні, калі справа даходзіць да аховы межаў», – сказаў Марчын Пшыдач.
Украінскі бок убачыў у гэтай заяве абвінавачанні ў няўдзячнасці за дапамогу з боку Польшчы.

IAR/вх