Беларуская Служба

Ідуць працэсы люстрацыі ў дзяржаўных органах Польшчы. Людзі з канцылярыі прэм'ер-міністра страцілі працу

07.08.2023 19:06
Урад правярае сувязь са спецслужбамі 40 тысяч людзей. Некаторыя з-за гэтага ўжо страцілі працу.
Ілюстрацыйнае фотаIAR/ Łukasz Kowalski

У сакавіку ўрадавы праект паправак да Закона аб дзяржаўнай службе і іншых актаў быў унесены ў Сейм. Ён уводзіць, сярод іншага, забарону прымаць на службу асобаў, якія з 22 ліпеня 1944 г. па 31 ліпеня 1990 г. працавалі ў органах дзяржаўнай бяспекі або зʼяўляліся супрацоўнікамі гэтых органаў. Чыноўнікі, якія нарадзіліся да 1 жніўня 1972 года, падаюць люстрацыйныя дэкларацыі, а Інстытут нацыянальнай памяці некалькі тыдняў правярае, хто супрацоўнічаў са спецслужбамі ў часы Польскай народнай рэспублікі.

Усяго правераць 40 тысяч чалавек, з іх 22 тысячы зʼяўляюцца членамі корпуса дзяржаўнай службы і каля 18 000 чалавек – гэта чыноўнікі і іншыя дзяржаўныя служачыя. Чакаецца, што ўвесь працэс праверкі працягнецца яшчэ пяць месяцаў. Цягам першых тыдняў некалькі чалавек былі звольненыя ў сувязі са сканчэннем працоўных кантрактаў, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Так вырашаецца сітуацыя, калі чыноўнік прызнаецца ў супрацы са службамі або калі ён не вырашыў падаваць дэкларацыю.

Паводле DGP, сярод людзей, якія страцілі работу, адзін чалавек працаваў у Паморскім ваяводскім упраўленні на пасадзе старшага інспектара, адзін чалавек з Міністэрства фінансаў і чатыры чалавекі з канцылярыі прэм’ер-міністра. У выніку ва ўрадзе зʼявіліся вакансіі на пасады субрэферэнта, галоўнага спецыяліста і дарадцы прэмʼер-міністра.

Амбудсмэн крытычна ставіцца да люстрацыі

У траўні пазіцыю па папраўцы апублікаваў амбудсмэн праф. Марцін Вёнцак (Marcin Wiącek). Як ён адзначыў, магчымае звальненне людзей, якія працавалі ў органах бяспекі ПНР, адбудзецца «без прадастаўлення чалавеку права звароту ў суд і без права індывідуальнай ацэнкі ў часы камуністычнай дзяржавы».

«У дэмакратычнай прававой дзяржаве недапушчальна даваць заканадаўцу права прымаць рашэнні, якія вядуць да знішчэння жыцця і прафесійных дасягненняў тых супрацоўнікаў, якія не парушалі закон, знішчэння каштоўнасці іх працы пасля 1990 г., незалежна ад яго фактычнага значэння і бягучай ацэнкі. Пастанова, якая ўводзіць аўтаматычнае спыненне працоўных адносінаў пазначаных груп работнікаў, не паважае асноўныя свабоды, якія ўключаюць права быць выслуханым і права на абарону, а таксама права да індывідуальнай ацэнкі», – гаворыцца ў заключэнні Упаўнаважанага па правах чалавека.

Паводле Dziennik Gazeta Prawna / вх