15 верасня пачнецца 66-ы Міжнародны фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». Лозунгк сёлетняга фестывалю – «Усё, што гучыць», а гэта значыць, што акрамя класічных інструментаў будуць гучаць і новыя кампазіцыі, – распавядае дырэктар фестывалю Ежы Карновіч:
-Мы хочам паказаць, што дух, энергія, танальнасць, жывуць вакол нас, побач з намі, а не толькі ў канцэртных залах і ў класічных інструментах. Таму запрашаем прагуляцца сярод розных рэчаў, якія таксама гучаць і становяцца інструментамі, то бок аб’ектафонамі: разам з класічнымі інструментамі, але і без іх.
Упершыню ў гісторыі фестывалю адкрыццё «Варшаўскай восені» адбудзецца ў выглядзе серыі міні-канцэртаў і арт-інсталяцый, разгорнутых у Варшаўскай філармоніі.
Падчас сёлетняй «Варшаўскай восені» ўпершыню будуць прадстаўлены 22 музычныя працы. «Варшаўская восень» – найбуйнейшы фестываль у Польшчы і адзін з найважнейшых міжнародных фестываляў, прысвечаных сучаснай музыцы.
iar/эж