Беларуская Служба

Чэшскі інстытут параўнаў цэны на прадукты харчавання ў сталіцах Чэхіі і Польшчы

13.09.2023 14:17
Асноўныя прадукты харчавання значна таннейшыя ў Варшаве, чым у Празе.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Шопінг у Варшаве на чвэрць таннейшы, чым у Празе. Гэта вынік даследавання Чэшскага інстытуту палітыкі і грамадства, які з'яўляецца аналітычным цэнтрам апазіцыйнай групы ANO. Ён параўнаў кошты ў сталіцах суседніх з Чэхіяй краін.

У мадэльны кошык увайшлі васямнаццаць асноўных прадуктаў харчавання, у тым ліку мяса, малочныя прадукты, садавіна і гародніна. Цэны на сямнаццаць з іх былі ў Варшаве ніжэйшыя, чым у Празе, а розніца ў кошце рысу ці хлеба складала больш за 40%.

«Розніца ў цэнах адлюстроўвае не толькі пакупніцкую здольнасць грошай і абменныя курсы. Яны таксама зʼяўляюцца вынікам адрозненняў у вытворчых і транспартных выдатках. На цану ў краме таксама ўплываюць розныя стаўкі падаткаў», – растлумачылі аўтары справаздачы.

Кошт прадуктовага кошыку ў сталіцы Чэхіі быў параўнальны з коштамі ў Берліне і крыху ніжэйшы, чым у Вене. Аднак аўтары даследавання падкрэслілі, што сярэдні чэшскі заробак (перад вылікам падаткаў) пакрые набыццё дваццаці трох кошыкаў, а ў Аўстрыі і Германіі – амаль шасцідзесяці.

IAR/нг