Міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак заявіў, што сёння Польская армія ўзмацняецца, каб эфектыўна стрымліваць Расію. 84 гады таму яна напала на Польшчу, а сёння спрабуе аднавіць свой імперыялізм ва Украіне – сказаў міністр у Легніцы падчас цырымоніі з нагоды 84-й гадавіны нападу СССР на Польшчу.
Кіраўнік Мінабароны падкрэсліў, што прыклад Ірпеня і Бучы з'яўляецца аналогіяй расійскіх дзеянняў супраць польскага народу падчас Другой сусветнай вайны. «Расія спрабуе аднавіць сваю імперыю тымі ж метадамі, што і ў 1939 годзе. Гэта перажылі жыхары Ірпеню і Бучы, забітыя расійскімі салдатамі», – нагадаў Марыюш Блашчак. «Такім чынам, каб не паўтарылася тое, што адбылося 84 гады таму, каб Польшча не падвяргалася спробам адбудаваць Расійскую імперыю, мы ствараем Войска Польскае», – дадаў кіраўнік Мінабароны.
Блашчак у сваёй прамове падкрэсліў, што пасля савецкага нападу лёс палякаў быў трагічным. «Пачаліся высылкі ў Сібір, якія працягваліся да некалькіх тыдняў. Многія не вытрымалі гэтага шляху, які праходзіў у трагічных умовах, у вагонах для жывёлы. Пазней нашы суайчыннікі былі асуджаныя на рабскую працу», – нагадаў кіраўнік мінабароны Польшчы.
Марыюш Блашчак падкрэсліў, што палякі, высланыя расійскімі акупантамі ў Сібір, прынеслі найбольшую ахвяру дзеля незалежнасці ўласнага народу.
17 верасня 1939 года адбылося ўварванне савецкіх войскаў у Польшчу. Чырвоная Армія ўвайшла ва ўсходнія раёны, такім чынам яна рэалізоўвала палажэнні сакрэтнага пратакола пакта Рыбентропа-Молатава, у якім Германія і СССР падзялілі сферы ўплыву.
У сваю чаргу 30 гадоў таму – 17 верасня 1993 года – Польшчу пакінулі салдаты савецкай арміі, якія з 1945 года знаходзіліся на нашай тэрыторыі. Іх прысутнасць была адной з праяваў абмежаванасці суверэнітэту краіны. У сімвалічны для палякаў дзень – 54-ю гадавіну савецкай агрэсіі супраць Рэспублікі Польшча – камандуючы Паўночнай групай войскаў генерал Леанід Кавалёў падаў рапарт аб завяршэнні працэсу вываду войскаў. Праз дзень – 18 верасня 1993 года – з краіны выйшла апошняя група салдат.
IAR/вх