Прэзідэнт Анджэй Дуда звярнуўся ў ААН з заклікам пакласці канец неаімперыялістычнай палітыцы Уладзіміра Пуціна. Прэзідэнт Польшчы з’яўляецца адным з лідараў, якія выступілі падчас дэбатаў на Генеральнай асамблеі ААН, якая распачалася сёння.
Найважнейшай тэмай выступу польскага прэзідэнта была вайна ва Украіне.
Анджэй Дуда заявіў у ААН, што Польшча, як мала якая іншая краіна, разумее сітуацыю ва Украіне, бо яна сама была атакаваная Германіяй і Расіяй у 1939 годзе. Прэзідэнт Польшчы заклікаў свет пакончыць з расійскім імперыялізмам. «Пачаўшы вайну ва Украіне, Уладзімір Пуцін хацеў аднавіць Расійскую імперыю, хацеў падзяліць свет і зрабіць Еўропу пастаянна залежнай ад сваёй сыравіны. Ён праваліўся! І я глыбока веру, што ў яго гэта не атрымаецца!» – сказаў Дуда.
Польскі прэзідэнт таксама нагадаў словы былога прэзідэнта Леха Качыньскага з Тбілісі 15-гадовай даўніны: «У Расіі лічаць, што вяртаюцца былыя часы імперыі, якая ўпала менш за 20 гадоў таму. Тое дамінаванне зноў стане асаблівасцю гэтага рэгіёну. Не будзе. Тыя часы скончыліся раз і назаўсёды!» – працытаваў ён.
Анджэй Дуда заявіў, што вайна ва Украіне павінна скончыцца, а сама Украіна павінна вярнуць сабе ўсе захопленыя Расіяй тэрыторыі.
Раней прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама заклікаў спыніць палітыку Уладзіміра Пуціна. Ён таксама заявіў аб далейшай падтрымцы Украіны.
ав