Беларускі праваабаронца, заснавальнік ПЦ «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі стаў уладальнікам унікальнай намінацыі «Асоба года» і атрымаў залаты лаўр «Супер бізнес».
Залаты лаўр «Супер бізнес» – гэта прэстыжная ўзнагарода, якая прысуджаецца асобам, установам і прадпрыемствам за дзейнасць, якая прыносіць асаблівую карысць польскай эканоміцы. Залатыя лаўры супер бізнесу ўручаюцца асобам, прадпрыемствам і арганізацыям, якія ўнеслі выключны ўклад у польскі бізнес, а таксама тым, хто працуе над паляпшэннем умоў грамадскага жыцця.
Лаўры былі ўручаныя ўчора ў Варшаве. Да ўдзельнікаў урачыстасці з Нью-Ёрку звярнулася з пасланнем беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
Узнагароду ад імя Алеся Бяляцкага атрымала праваабаронца Алена Лапцёнак, на сустрэчы выступіў былы амбасадар Беларусі ў Польшчы, прадстаўнік Пераходнага кабінету Павел Латушка.
Алесь Бяляцкі быў засуджаны да 10 гадоў турмы, ён адбывае тэрмін у беларускай калоніі.
«Арганізатары адзначылі, што прэмія ўручаная Алесю Бяляцкаму «за непахісную і бескампрамісную барацьбу за свабоду, дэмакратыю і грамадзянскія правы ў Беларусі, а таксама за шматгадовыя намаганні па пабудове грамадзянскай супольнасці з правам крытыкі ўладаў, магчымасцю пратэставаць і выказваць сваё меркаванне»».
нг