Беларуская Служба

У Польшчы – перадвыбарчая цішыня

14.10.2023 15:02
За парушэнне перадвыбарнай цішыні пагражаюць высокія штрафы, найбуйнейшы, у пераводзе са злотых, можа складаць да 200 тыс. еўра.
.
.andibreit/pixabay.com/CC0

У Польшчы дзейнічае перадвыбарчая цішыня перад нядзельнымі парламенцкімі выбарамі. Яна пачалася апоўначы з пятніцы на суботу і завершыцца ў нядзелю, 15 кастрычніка, а 21-й гадзіне паводле мясцовага часу, калі будуць закрытыя выбарчыя ўчасткі. У пэўных выпадках Цэнтральная выбарчая камісія можа прадоўжыць выбарчую цішыню.

У гэты час нельга склікаць выбарчыя сходы, агітаваць, а таксама публікаваць вынікі апытанняў. Плакаты, павешаныя раней, могуць заставацца на сваім месцы.

Перадвыбарчая цішыня распаўсюджваецца таксама на інтэрнэт. Матэрыялы, якія былі размешчаныя ў сеціве да суботы, могуць заставацца, аднак нельга публікаваць нічога новага, што нейкім чынам парушала б правілы цішыні. Забарона таксама распаўсюджваецца на сацыяльныя сеткі. Напрыклад, у сацсетках забаронена «лайкаць» профілі кандыдатаў альбо выбарчых штабаў.

За парушэнне перадвыбарнай цішыні пагражаюць высокія штрафы, найбуйнейшы, у пераводзе са злотых, можа складаць да 200 тыс. еўра.

У некаторых краінах з развітой дэмакратыяй, напрыклад, у ЗША і Германіі, нечага такога як перадвыбарчая цішыня не існуе.

вс