Яўка на ўсенародным рэферэндуме, які праходзіў 15 кастрычніка разам з парламенцкімі выбарамі ў Польшчы, склала 40,91 працэнта. Гэта азначае, што рэферэндум не будзе абавязковым, паясніў старшыня Дзяржаўнай выбарчай камісіі Сільвестар Марціняк(Sylwester Marciniak):
- У рэферэндуме прынялі ўдзел, то бок аддалі сапраўдныя карткі 12 мільёнаў 82 тысячы 588 чалавек, а гэта менш за палову выбаршчыкаў. Таму паводле 66.1 артыкула Закона аб рэферэндум, яго вынік з’яўляецца неабавязковым.
Нагадваем, палякі маглі адказаць на чатыры пытанні, датычныя пенсійнага ўзросту, сцяны на польска-беларускай мяжы, міграцыйнай палітыкі ЕС і прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.
Учора Дзяржаўная выбарчая камісія прадставіла афіцыйныя вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы. На іх перамагла кіроўная партыя «Права і справядлівасць», якая набрала 35,38 працэнтаў галасоў, то бок 194 мандаты ў Сейме. Апазіцыйная «Грамадзянская кааліцыя» атрымала 30,70 працэнтаў галасоў і 157 месцаў у Сейме, кааліцыя «Трэцяя дарога» – 14,40 працэнта і 65 месцаў, «Новыя Левыя сілы» – 8,61 працэнта і 26 месцаў, а крайне правая «Канфедэрацыя» – 7,16% і 18 месцаў у Сейме.
Нагадваем, трохпартыйная кааліцыя, якую складаюць: «Грамадзянская платформа», «Трэцяя дарога» і «Новыя левыя сілы» абяцалі стварыць адзіны ўрад. Гэта азначае, што яны маюць большасць (248 месцаў) у парламенце.
У Сенаце (вышэйшай палаце польскага парламента) перамог апазіцыйны Сенацкі пакт, які атрымаў 66 месцаў на 100. Нагадваем пакт утвараюць «Грамадзянская кааліцыя», Трэцяя дарога» і «Новыя левыя сілы».
Яўка на парламенцкіх выбарах склала рэкордныя 74,38 працэнта.
IAR/аз