Інцыдэнт адбыўся раніцай у нядзелю пасля таго, як супрацоўнікі памежнай службы і арміі затрымалі групу мігрантаў, якія зрэзалі агароджу на польска-беларускай мяжы і ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы, – паведаміў PAP кіраўнік раённай пракуратуры ў Гайнаўцы Ян Андрэйчук (Jan Andrejczuk).
Адзін з мігрантаў, як распавёў Андрэйчук пачаў бегчы ў бок балота, праз якое хацеў дабрацца да бліжэйшай ракі і праз раку трапіць на тэрыторыю Польшчы. Мужчыну затрымалі супрацоўнікі спецслужбаў.
«Аказалася, што гэты чалавек знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, таму выклікалі хуткую дапамогу. Але інцыдэнт адбыўся каля памежнай сцяны і на ўчастку, куды цяжкі праезд – па ім можа праехаць пазадарожнік. Таму гэты чалавек быў змешчаны ў аўтамабіль памежнай службы і быў дастаўлены ў Белавежу. Калі машына даехала да Белавежы і ўжо чакала хуткая дапамога, чалавек праз некалькі хвілін памёр», – сказаў Андрэйчук.
Загінулы – мужчына ва ўзросце каля 20 гадоў, дакументаў, якія пацвярджаюць яго асобу, пры ім не выяўлена, паведаміў пракурор. Ён дадаў, што колер скуры мужчыны сведчыць аб яго паходжанні з афрыканскіх краін. Ён падкрэсліў, што мужчына быў апрануты вельмі лёгка – у яго былі кеды, штаны і тонкі швэдар, курткі не было.
Было агледжана месца перасячэння мяжы групай мігрантаў, а таксама праверана прылеглая тэрыторыя. Андрэйчук дадаў, што там была знойдзена куртка з мабільным тэлефонам. «Калі гэта куртка гэтага чалавека і мы здолеем звязаць (рэч і асобу. – Рэд.), то зможам вызначыць асобу гэтага чалавека», – дадаў Андрэйчук.
Экспертызу цела мужчыны плануюць правесці ў аўторак.
Па справе будзе распачатая праверка. Андрэйчук сказаў, што гаворка будзе ісці аб ненаўмысным забойстве. Ён дадаў, што пакуль невядома, якая пракуратура будзе праводзіць праверку – генеральная ці ваенная, бо ў мерапрыемствах удзельнічалі памежнікі і вайскоўцы.
У Падляскім аддзеле памежнай аховы коратка пацвердзілі PAP інфармацыю пра смерць мужчыны, не паведамляючы падрабязнасцяў у сувязі з дзейнасцю паліцыі і пракуратуры ў гэтай справе.
PAP / вх