Расследаванне па факце незаконнага пазбаўлення волі трох палякаў у Мінску прыпынена, паведамляе RMF FM. Такое рашэнне прыняў Мазавецкі аддзел Нацыянальнай пракуратуры. Гаворка ідзе аб працэсах адносна дзеянняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у жніўні 2020 года.
Карэспандэнт RMF FM высветліў, што расследаванне прыпынена з-за «доўгатэрміновых перашкод, якія перашкаджаюць вядзенню такіх працэсаў». Адным словам, беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць у расследаванні гэтай справы.
Больш за два гады таму польская пракуратура накіравала беларусам заяўку на прававую дапамогу. Аднак адказу на гэты дакумент пакуль няма. Гэта заводзіць расследаванне, якое вядзе Агенцтва ўнутранай бяспекі, у тупік.
Гаворка ідзе пра незаконнае пазбаўленне волі з асаблівымі пакутамі трох палякаў, якія былі затрыманыя ў Мінску адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Затрыманых палякаў – Кацпера, Вітольда і Роланда – збівалі да страты прытомнасці. У іх былі шматлікія траўмы, у тым ліку: траўмы галавы, каленных суставаў, запясцяў, рэбраў і жывата.
Як яны паведамілі, іх схапіў АМАП у цэнтры Мінску. Яны адзначылі, што збіваць іх пачалі яшчэ ў аўтазаку, але гэта толькі пралог да шматгадзіннага пекла.
Палякаў адпусцілі праз 72 гадзіны, яны вярнуліся ў краіну 14 жніўня.
ав/RMF FM