Беларуская Служба

Агата Корнхаўзэр-Дуда і Алена Зяленская абмеркавалі польска-ўкраінскае супрацоўніцтва па падрыхтоўцы медыкаў

07.11.2023 14:44
Напрыканцы мінулага году жонкі прэзідэнтаў ініцыявалі праект абмену досведам паміж польскімі і ўкраінскімі медыкамі.
Ілюстрацыйная карціна foto:pixabay/kolaż Nazar Oliynyk PRdZ

Першыя лэдзі Польшчы і Украіны Агата Корнхаўзэр-Дуда і Алена Зяленская размаўлялі пра рэалізацыю сумесных польска-ўкраінскіх праектаў, у тым ліку аб падрыхтоўцы медыкаў.

Напрыканцы мінулага году жонкі прэзідэнтаў ініцыявалі праект абмену досведам паміж польскімі і ўкраінскімі медыкамі.

У рамках супрацоўніцтва на сённяшні дзень падрыхтавана каля 200 урачоў і спецыялістаў з Украіны. 39 украінскіх медыкаў прынялі ўдзел у трэнінгу па апёкавай медыцыне ў шпіталі ў Лэнчнай, а 50 ратавальнікаў прайшлі курс паветранай медыцынскай эвакуацыі, які праводзіла служба хуткай дапамогі.

Да гэтага часу ў спецыялізаваных трэніроўках таксама прайшлі 47 рэабілітолагаў, 42 псіхолагі і 53 пажарнікі.

У бліжэйшы час плануюцца далейшыя туры курсаў, арганізаваных Асацыяцыяй добраахвотных пажарных брыгад Рэспублікі Польшча, якія адказваюць на неабходнасць стварэння валанцёрскіх структур ва Украіне.

Жонка прэзідэнта Украіны падкрэсліла асаблівую неабходнасць у галіне псіхіятрыі, як павышэнне кампетэнцыі ўкраінскіх псіхіятраў, так і доступ да адпаведных лекаў.

Першыя лэдзі таксама абмеркавалі адзін з новых напрамкаў супрацоўніцтва – планавае навучанне ўкраінскіх спецыялістаў па розных формах прыёмнай сям'і.

Вельмі важным пытаннем, якое закраналася падчас размовы, стала сітуацыя з дзецьмі, выкрадзенымі ўглыб Расіі, і магчымыя шляхі іх выратавання.

яс/PAP