Кніга прафесара Інстытута гісторыі навукі Польскай акадэміі навук Славаміра Лотыша «Пінскія балоты» атрымала Гістарычную прэмію сталічнага горада Варшава імя Казімежа Мачарскага.
Выданне прадстаўляе Палессе часоў ІІ Рэчы Паспалітай у аспекце важнасці гэтай тэрыторыі для аховы навакольнага асяроддзя; апісвае адносіны паміж прыродай, тэхналогіямі і палітыкай.
Цырымонія ўручэння прэміі адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Славамір Лотыш(Sławomir Łotysz) прызнаў, што першапачаткова планаваў апісаць даваеннае Палессе ў кантэксце канфлікту сучаснасці і прыроды:
- Цягам працы над кнігай я стаў заўважаць, што там значна больш розных адносінаў – палітычных, грамадскіх, эканамічных. Аднак ва ўсіх з іх адным з лейтматываў была прырода, якой аўтары ранейшых публікацый ніколі не закраналі.
Гістарычная прэмія сталічнага горада Варшава імя Казімежа Мачарскага была заснавана ў снежні 2018 года і з’яўляецца працягам прэміі, якая ўручаецца з 2009 году за найлепшую кнігу, прысвечаную найноўшай гісторыі Польшчы.
Нагадваем, Казімеж Мачарскі – быў журналістам, пісьменнікам і капітанам Арміі Краёвай. Ён быў аўтарам вядомай кнігі «Размовы з катам», у якой распавёў пра час, праведзены ў турме разам з нямецкім ваенным злачынцам Юргенам Стропам, адказным за крывавае падаўленне паўстання ў Варшаўскім гета.
IAR/аз