90 працэнтаў палякаў падтрымліваюць будаўніцтва АЭС у Польшчы – вынікае з лістападаўскага апытання, праведзенага па заказу Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя. Пры гэтым амаль 77 працэнтаў апытаных пагадзіліся б, каб такая электрастанцыя была пабудавана побач з іх месцам жыхарства.
«Гэта найлепшыя вынікі за ўсю гісторыю даследаванняў, якія праводзяцца штогод з 2012 года», – падкрэслілі ў міністэрстве.
89,9 працэнта апытаных падтрымліваюць АЭС у Польшчы, а 7,2 працэнта супраць. У мінулыя гады падтрымка была на некалькі дзясяткаў працэнтаў меншай. 87,3 адсотка палякаў лічаць, што пабудова АЭС як крыніцы энергіі з нізкім узроўнем выкідаў – добры спосаб барацьбы са зменамі клімату. 91,5 адсотка лічаць, што будаўніцтва АЭС у Польшчы паспрыяе падвышэнню энергетычнай бяспекі краіны.
Даследаванне паказвае, што большую падтрымку будаўніцтву АЭС у Польшчы выказваюць мужчыны, людзі ва ўзросце ад 15 да 39 гадоў, і людзі старэйшага веку – 60-75 гадоў.
Падтрымку атамнай энергетыкі ў Польшчы часцей выказваюць жыхары наступных ваяводстваў: Падляскага, Свентакшыскага, Падкарпацкага, Сілезскага, Вармінска-Мазурскага і Мазавецкага. Супраць выступаюць жыхары Лодзінскага, Велікапольскага і Апольскага ваяводстваў.
яс