«Мы ўсе павінны зразумець, што Расія з'яўляецца пагрозай для кожнай еўрапейскай краіны. Аднак, вядома, найбольшай рызыцы падвяргаюцца краіны, якія мяжуюць з Расіяй. Фінляндыя вельмі добра падрыхтавана да адпору такой агрэсіі. Але цяпер уся Еўропа павінна прачнуцца. І гэта неадкладна», – кажа прэм’ер Фінляндыі Пэтэры Орпа ў інтэрвʼю выданню Rzeczpospolita.
Паводле фінскага палітыка, трэба ўмацоўваць ваенную прамысловасць, не толькі таму, каб неадкладна дапамагчы Украіне. «У сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве самой Еўропе неабходная большая абароназдольнасць. Нам трэба эфектыўна стрымліваць Расію ад агрэсіі супраць Еўропы. Гэта краіна, якая моцна змянілася, стала надзвычай агрэсіўнай. Супраць такой пагрозы мы не можам разлічваць толькі на дапамогу ЗША. Нам патрэбны наш уласны абаронны патэнцыял. Фінляндыя ўкараніла комплексную мадэль абароны, якая ўключае ваенную, харчовую і энергетычную бяспеку, а таксама абарону ключавых абʼектаў інфраструктуры. Сістэма прадугледжвае супрацоўніцтва дзяржавы, грамадзянскай супольнасці і прадпрымальнікаў. Зараз мы хочам дапамагчы ўкараніць гэткую сістэму па ўсёй Еўропе», – сказаў прэм’ер Орпа і дадаў, што згаданага ідэя сустрэлася з зацікаўленнем з боку кіраўніка польскага ўраду Дональда Туска.
Палітык таксама перакананы, што ЗША ў любым выпадку прыйдуць хаўруснікам з Еўропы на дапамогу. Гэта адбудзецца нават з Дональдам Трампам у Белым доме. Аднак, гэта не мяняе факту, што да заяваў былога прэзідэнта ЗША трэба ставіцца сур’ёзна.
«Мы патрэбныя амерыканцам, бо ў іх няма большага хаўрусніка, чым Еўрасаюз. Без партнёрства з Еўропай ЗША больш не будуць адзінай звышдзяржавай. Таму яны не адвернуцца на нас. Пытанне, аднак у тым, наколькі вялікай будзе гэтая падтрымка. Амерыка сутыкаецца з многімі іншымі выклікамі, у прыватнасці з Кітаем. Таму мы павінны павялічваць уласны абаронны патэнцыял», – падкрэсліў прэмʼер-міністр Фінляндыі ў размове з выданнем Rzeczpospolita.
аз