Беларуская Служба

Гэты красавік самы цёплы ў гісторыі метэаралагічных вымярэнняў

13.04.2024 10:04
Кожны з апошніх дзесяці месяцаў быў рэкордна цёплым у параўнанні з адпаведным месяцам папярэдняга года.
.
.radyjo.net

Такога цёплага пачатку красавіка ў гісторыі метэаралагічных вымярэнняў яшчэ не было - кажуць сіноптыкі з Інстытута метэаралогіі і воднай гаспадаркі.

На пачатку красавіка тэрмометры ў Польшчы паказвалі амаль 30 градусаў па Цэльсію. Прэсавы сакратар Інстытуту метэаралогіі і воднай гаспадаркі Гжэгаж Валіеўскі (Grzegorz Walijewski) кажа, што такія тэмпературы паветра на пачатку красавіка — надзвычайная сітуацыя.

«Проста паглядзіце, якім быў пачатак па сярэдняй тэмпературы. Гэта на 7 градусаў вышэй за норму. З іх у паўднёвай частцы краіны месцамі на 9 градусаў цяплей, чым належыць у гэтыя першыя дні красавіка. У паўночнай частцы краіны крыху халадней, таму што на ўзбярэжжы гэтая норма перавышаная на 3 градусы, але гэта надзвычай цёплы пачатак красавіка», — кажа Гжэгаж Валіеўскі.

Прэс-сакратар кажа, што ўвесь пачатак года выдаўся выключна цёплым.

«Гэта рэкордны пачатак года. Сярэдняя тэмпература ў пачатку года вышэйшая за норму на 3 градусы. Можна сказаць, што на дадзены момант мы на месяц наперадзе. Такое надвор'е трэба апісваць у траўні ці нават у чэрвені».

Міжнародныя кліматычныя арганізацыі паведамляюць, што б'юцца новыя цеплавыя рэкорды.

Згодна з вымярэннямі Праграмы ЕС «Капернік» па назіранні і маніторынгу Зямлі, сакавік стаў дзясятым запар самым цёплым месяцам у гісторыі.

Дадзеныя арганізацыі паказваюць, што кожны з апошніх дзесяці месяцаў быў рэкордна цёплым у параўнанні з адпаведным месяцам папярэдняга года. У справаздачы Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі напісана, што рэкордныя тэмпературы былі зафіксаваныя ў 2023 годзе, а 2024 чакаецца яшчэ больш цёплы.

IAR/вх