Беларуская Служба

Польшча атрымала першыя сродкі з Нацыянальнага плана аднаўлення

15.04.2024 14:01
Адным з выбарчых абяцанняў цяперашняй урадавай кааліцыі было разблакаванне згаданых сродкаў для Польшчы.
       -
Кіраўнічка Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі Катажына Пэлчыньска-НалэнчPAP/Radek Pietruszka

Першыя грошы з Нацыянальнага плана аднаўлення трапілі ў Польшчу – гэта амаль 27 мільярдаў злотых (6,3 мільярда еўра). Кіраўнічка Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі сказала, што гэта найбуйнейшы аднаразовы перавод за ўсю гісторыю польскага сяброўства ў Еўрасаюзе.

Катажына Пэлчыньска-Налэнч(Katarzyna Pełczyńska-Nałęcz) дадала, што грошы пойдуць на шэраг розных інвестыцыяў — у тым ліку ў чыстае паветра:

- 1,6 мільярда будзе прызначана на праграму «Чыстае паветра». Наступныя 720 мільёнаў - на пашырэнне сеткі хуткага інтэрнэту ў Польшчы. Сродкі будуць таксама прызначаныя на рамонты і новыя маршруты на чыгунцы і павышэнне бяспекі транспарту.

Нагадваем, з-за рэформы судовай сістэмы ў Польшчы, якую ажыццявіла папярэдняя ўрадавая кааліцыя правых сілаў, ЕС прыпыніў выплату Польшчы сродкаў з Нацыянальнага плана аднаўлення. Адным з выбарчых абяцанняў цяперашняй урадавай кааліцыі было разблакаванне згаданых сродкаў для Польшчы.

Атрымаўшы ад новага ўрада план рэформы правасуддзя, Еўракамісія вырашыла выплаціць Польшчы першыя грошы. Нагадваем, у рамках Нацыянальнага плана аднаўлення палякі могуць атрымаць агулам амаль 60 мільярдаў еўра. Сродкі павінны быць выкарыстаны да канца 2026 года. Сёлета ўрад плануе падаць заяўкі на агульную суму ў 24 мільярды еўра.

IAR/аз