Беларуская Служба

Беларускія студэнты, якія сталі ахвярамі рэпрэсій, могуць працягнуць навучанне ў Польшчы

19.04.2024 14:02
Да 15 траўня 2024 года працягваецца набор на Праграму стыпендый польскага ўрада імя К. Каліноўскага, якую ажыццяўляе Цэнтр Усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.
Аўдыё
  • Адкрыты набор на праграму Каліноўскага
Ілюстрацыйны здымакhttps://studium.uw.edu.pl/

Праграма скіравана да студэнтаў з Беларусі, якія пацярпелі за свае палітычныя погляды ці актыўнасць і не могуць працягваць навучанне ў Беларусі.

Пра тое хто можа падаваць заяўкі на праграму, якія ўмовы забяспечвае польскі бок мы паразмаўлялі з каардынатарам Бюро праграмы Каліноўскага Яраславам Ксёнжкам.

- Праграма Каліноўскага стала паспяховым працягам дзейнасці, якая пачалася ў 2006-м годзе. У 2016-м годзе адбылося пашырэнне праграмы на навуковыя стажыроўкі для маладых навукоўцаў, якія з-за палітычных рэпрэсій не маглі працягваць займацца навукай. Праграма агулам накіраваная на моладзь з Беларусі, якая па палітычных прычынах не можа атрымаць вышэйшай адукацыі ў сваёй краіне. Мы дапамагаем ім пачаць альбо працягнуць навучанне ў польскіх ВНУ.

Гэтая прапанова скіраваная для моладзі, якую пануючы рэжым пазбавіў магчымасці вучыцца альбо займацца навукай.

- Мы прадстаўляем дапамогу фінансавага характару і арганізацыйнага таксама. З аднаго боку, удзельнікі праграмы атрымліваюць стыпендыю, з другога боку, ім дапамагаюць паступіць у польскія ВНУ. З праграмай Каліноўскага супрацоўнічае шэраг польскіх універсітэтаў. Праграма спрыяе, каб стыпендыятаў прымалі на бясплатнае навучанне. Прынамсі на этапе бакалаўрату, але мы імкнёмся, каб увесь курс навучання быў бясплатным.

Якая, прыкладна, колькасць стыпендый, якія прызнаюцца ў рамках праграмы Каліноўскага?

- Цяжка сказаць, таму што ўсё залежыць ад сітуацыі ў Беларусі. Мноства кандыдатаў, больш за тысячу чалавек, падало заяўкі пасля восеньскіх выбараў 2020-года, калі раскручваўся махавік рэпрэсій. Яны спрабавалі пачаць сваё жыццё па новаму ў Польшчы. На дадзены момант у праграме Каліноўскага прымае ўдзел каля 700 чалавек. Яны вучацца ў розных ВНУ, частка праходзіць навуковы стаж.

Цяпер Цэнтр пачаў новы набор.

- З 15 сакавіка па 15-га  мая працягваецца набор заявак ад жадаючых паўдзельнічаць у праграме Каліноўскага. Заклікаю падаваць да нас заяўкі. Я спадзяюся, што сёлета мы зможам прыняць як мага больш кандыдатаў. Галоўнае адпавядаць фармальным крытэрыям, і дэманстраваць падчас суразмоўя жаданне скарыстацца эфектыўна з удзелу ў праграме.

Вы вызначылі для сябе максімальны ўзровень заявак?

-  Ёсць шэраг бюракратычных абмежаванняў. Мінімальная група, якую мы можам прыняць, складае 50 чалавек. Аднак, калі будзе больш заявак, мы зможам узяць больш людзей да ўдзелу ў праграме. Цяжка цяпер назваць дакладныя лічбы, бо мы цяпер чакаем на заяўкі. Заклікаю не падаваць дакументы ў апошнія дні закрыцця набору. Гэта можа зацягнуць разгляд заявак. Мы будзем імкнуцца прыняць як мага больш удзельнікаў.

На што могуць разліваць тыя, хто падае заяўкі. Яны змогуць паступіць у любое ВНУ ў Польшчы?

- Так. З 2006-га году мы супрацоўнічаем з ВНУ, якія аб’яднаныя ў рамках Канферэнцыі рэктараў польскіх універсітэтаў і Канферэнцыі рэктараў вышэйшых школ у Польшчы. Гэта азначае, што магчымы амаль кожная спецыялізацыя ў навучанні, за выключэннем вельмі вузкіх ды спецыялізаваных, накшталт вайсковых спецыяльнасцяў. Медыцына магчыма, тэатральныя ды мастацкія вучэльні таксама, тэхнічныя спецыяльнасці, і, вядома, гуманітарныя. Пры гэтым, мы не Дзед Мароз і не выканаем любы капрыз. Мы абмежаваныя магчымасцю ВНУ прыняць замежнага студэнта. Наша сітуацыя такая, што мы не можам патрабаваць прыняць нашага стыпендыята ў ВНУ, мы можам толькі ўзяць тое, што нам прапаноўваюць. Дагэтуль такіх прапаноў было шмат. У асаблівых выпадках імкнёмся знайсці адпаведны напрамак навучання. Да гэтага часу мы пазітыўна адказвалі на чаканні нашых стыпендыятаў.

Што адбываецца з тымі, хто закончыў навучанне па праграме, які лёс Вашых абітурыентаў?

- Па рознаму складаецца іх лёс. Мы імкнёмся цяпер стварыць Клуб выпускнікоў, каб падтрымліваць з імі кантакт. Частка людзей застаюцца ў Польшчы, дзе працягваюць прафесійную кар’еру, частка ідзе далей у навуку, частка далучаецца да дзейнасці незалежных дэмакратычных структур. Ёсць яшчэ такія людзі, якія пераязджаюць, выбіраючы жыццё для сябе ў іншых еўрапейскіх краінах. Менавіта таму мы імкнёмся ладзіць сустрэчы выпускнікоў, каб падтрымліваць кантакт паміж імі, і, каб яны захоўвалі адносіны паміж сабой. Гэта магла бы стаць сапраўднай групай з шырокімі магчымасцямі для лабіявання інтарэсаў удзельнікаў ды выпускнікоў праграмы, ці ў Польшчы, ці ў Еўропе. На жаль у Беларусь яны пакуль не могуць вярнуцца, каб там працаваць на карысць сваёй краіны, як планавалася пры стварэнні праграмы. Шмат хто з выпускнікоў працуе на карысць Беларусі, але без магчымасці вярнуцца на Радзіму.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч