Беларуская Служба

Анджэй Дуда склікаў нараду напярэдадні юбілейнага саміту НАТА ў Вашынгтоне

04.07.2024 12:04
Сустрэча ў вярхах Паўночнаатлантычнага пакту пройдзе ў Вашынгтоне з 9 па 11 ліпеня.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй ДудаPAP/Marcin Gadomski

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда склікаў нараду перад самітам НАТА ў Вашынгтоне. Сустрэча адбудзецца сёння ў другой палове дня ў горадзе Быдгашч. Кіраўнік краіны запрасіў на яе віцэ-прэм'ера, міністра абароны Польшчы Уладзіслава Касіняка-Камыша і камандуючых Войска Польскага. Пасля сустрэчы прадбачыцца сумесная заява прэзідэнта і віцэ-прэмʼера.

Раней паведамлялася, што Анджэй Дуда хоча перад адʼездам у ЗША пракансультавацца з прадстаўнікамі ўраду і генераламі ды абмеркаваць найбольш важныя пытанні, якія польская дэлегацыя закране на юбілейным саміце НАТА ў Вашынгтоне. Сярод планаваных тэм – пытанне аналітычнага і вучэбнага цэнтру НАТА-Украіна, які ствараецца ў Быдгашчы. Польскі бок хоча, каб у будучыні цэнтр стаў камандным пунктам аперацый, якія праводзяцца саюзнікамі ў раёне ўсходняга флангу НАТА.

Прэзідэнт Анджэй Дуда перад самітам НАТА ў Вашынгтоне правядзе яшчэ адну сустрэчу з міністрам абароны Уладзіславам Касінякам-Камышам і міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім. Абодва міністры таксама ўвойдуць у склад польскай дэлегацыі на саміце альянсу, якую ўзначаліць прэзідэнт.

Сёлета адзначаецца 75-я гадавіна стварэння НАТА.

Сустрэча ў вярхах Паўночнаатлантычнага пакту пройдзе ў Вашынгтоне з 9 па 11 ліпеня.

вс